Мінфін плануе ў другім квартале размясціць аблігацыі ў Расеі



Міністэрства фінансаў Беларусі мае намер размясціць выпуск аблігацый на расейскім рынку ў другім квартале 2020 года, паведаміў журналістам намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец 13 лютага ў Меінску ў рамках круглага стала, арганізаванага агенцтвам Cbonds.

„Плануем у другім квартале размясціць аблігацыі не менш як на 10 млрд расейскіх рублёў з тэрмінам абарачэння пяць гадоў”, — удакладніў Белкавец.

Мінфін чакае таксама размяшчэння ў Расеі ў 2020 годзе аблігацый беларускіх кампаній. „Ужо накіраваны ў Расеі на рэгістрацыю праспект эмісіі аблігацый ад імя адной беларускай кампаніі”, — паведаміў Белкавец, адзначыўшы перспектывы выхаду і іншых айчынных карпаратыўных эмітэнтаў на расійскі рынак капіталу.

Намеснік міністра фінансаў таксама паведаміў, што ведамства рыхтуе размяшчэнне еўрааблігацый, але канкрэтныя тэрміны пакуль не называюцца.

Пра планы размясціць у 2020 годзе новы выпуск еўрабондаў паведаміў летась міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

Ён падкрэсліваў, што ў Беларусі шырокія магчымасці па прыцягненні знешніх запазычанняў. „Попыт на беларускія даўгавыя паперы на знешніх рынках вельмі высокі. Гэты інтарэс не меншы, чым тры гады таму, а значна вышэйшы”, — заяўляў Ермаловіч у лістападзе мінулага года.

Паводле яго слоў, урад у 2020 годзе плануе каля 75% выплат па дзярждоўгу рэфінансаваць за кошт новых запазычанняў і на 25% ажыццявіць іх за кошт недаўгавых крыніц.

„Мы плануем размясціць новы выпуск аблігацый у 2020 годзе. У планах на 2020 год — прыцягнуць на знешнім рынку 1,35 млрд долараў”, — заяўляў Ермаловіч.

belapan.by