Мінфін плануе ўвесці дэпазітарныя аблігацыі
У Беларусі плануецца ўвесці дэпазітарныя аблігацыі. Аб гэтым паведаміў 23 снежня дырэктар Дэпартамента па каштоўных паперах Міністэрства фінансаў Аляксей Красінскі на семінары „Рынак каштоўных папер у Рэспубліцы Беларусь: тэндэнцыі, навацыі, напрамкі развіцця”.
Аляксей Красінскі нагадаў, што ў рэспубліцы на ўзроўні заканадаўчага акта плануецца замацаваць паняцце інстытута кваліфікаванага інвестара. Такі інстытут у краіне адсутнічае. „З яго з’яўленнем будзе прапанаваны рынку новы інструмент – дэпазітарная аблігацыя”, – сказаў дырэктар дэпартамента. Паводле яго слоў, гэта інструмент, які сёння разглядаецца ў якасці найбольш рызыкоўнага, але, з іншага боку, найбольш простага для выхаду на рынак.
„Удзельнічаць у здзелках з гэтым інструментам змогуць выключна кваліфікаваныя інвестары, – адзначыў Аляксей Красінскі. – Умовы па эмісіях дэпазітарных аблігацый будуць максімальна спрошчаны: не будзе патрабаванняў да эмітэнтаў з пункту гледжання фінансавай дастатковасці, а таксама не будзе вельмі працаёмкай працэдуры праходжання праспекта эмісіі праз Дэпартамент па каштоўных паперах”.
Таксама планамі Мінфіна па далейшым развіцці рынку каштоўных папер прадугледжваецца прапанаваць яшчэ адзін новы інструмент – стрып-аблігацыі (STRIPS). Гэты фінансавы інструмент дае магчымасць раздзельна абарачацца на рынку купонам і наміналу каштоўных папер. Наколькі запатрабаванымі будуць стрып-аблігацыі на рынку, пакуль складана сказаць. „Але, спадзяюся, што цікавасць да іх будзе праяўлена ў бліжэйшы час”, – падагульніў Аляксей Красінскі.