Мінфін разлічвае прыцягнуць 50 млн долараў ад чарговага выпуску аблігацый
Міністэрства фінансаў Беларусі з 14 жніўня па 21 снежня правядзе ў гандлёвай сістэме ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа” адкрыты продаж без правядзення аўкцыёну дзяржаўных імянных доўгатэрміновых аблігацый выпуску №252 для юрыдычных і фізічных асоб на суму 50 млн долараў.
Згодна з паведамленнем Мінфіна, намінальны кошт аблігацыі складае адну тысячу долараў ЗША. Тэрмін звароту аблігацый складае 2,2 тысячы дзён, дата пагашэння — 22 жніўня 2024 года. Стаўка працэнтнага даходу — 4,2% гадавых.
Як паведамляў БелаПАН, у трэцім квартале Мінфін плануе размясціць на ўнутраным рынку аблігацый на 150 млн долараў. Усяго ў 2018 годзе, згодна з бюджэтам, фінансавае ведамства мае намер прыцягнуць на ўнутраным рынку 400 млн долараў за кошт размяшчэння валютных аблігацый.
Сродкі, якія прыцягвае Мінфін унутры краіны, залічваюцца ў склад золатавалютных рэзерваў Беларусі і затым накіроўваюцца на рэфінансаванне ўнутранага і знешняга дзяржаўнага доўгу.
У 2018 годзе годзе на пагашэнне і абслугоўванне знешняга і ўнутранага дзяржаўнага доўгу Беларусь павінна накіраваць 3,6 млрд долараў. Мінфін раней паведаміў, што дзве траціны выплат па дзярждоўгу плануецца ажыццявіць за кошт недаўгавых крыніц.
Дзяржаўны доўг на 1 ліпеня склаў 42 млрд. рублёў і зменшыўся ў параўнанні з пачаткам 2018 года на 207,2 млн, або на 0,5%.
Варта адзначыць, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў плацяжы Беларусі па дзярждоўгу будуць заставацца значнымі. Паводле даных Мінфіна, за 2019—2023 гады гэтыя плацяжы складуць 18,5 млрд долараў, у тым ліку ў 2019-м годзе краіна павінна накіраваць крэдыторам 3,6 млрд. долараў, у 2020-м — 3,78 млрд., ў 2021-м — 3,54 млрд., ў 2022-м—- 3,6 млрд., у 2023-м — амаль 4 млрд. долараў.
Аляксандр Лукашэнка ў гэтым годзе паставіў задачу перад эканамічнымі ўладамі вырашыць даўгавую праблему. „Галоўны выклік, з якім трэба справіцца ураду і Нацбанку ў найбліжэйшых гадах, — „перарасці „даўгавую нагрузку і выйсці ў зоне бяспекі. Будучым пакаленням мы павінны пакінуць Беларусь без даўгоў”, — заявіў ён, выступаючы вясной з пасланнем да народа і парламента.