Мінфін у 2018 годзе плануе выпусціць еўрааблігацыі на 600 млн даляраў



Міністэрства фінансаў плануе размясціць у 2018 годзе еўрааблігацыі на 600 млн даляраў, паведаміў міністр фінансаў Уладзімір Амарын, прадстаўляючы праект бюджэту на 2018 год у Палаце прадстаўнікоў 18 снежня.

Ён адзначыў, што ў наступным годзе для рэфінансавання дзярждоўгу плануецца прыцягнуць 1,2 млрд даляраў.

„У прыватнасці, мы плануем атрымаць сёмы транш Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на 200 млн даляраў. Акрамя гэтага, разлічваем ажыццявіць выпуск Мінфінам еўрааблігацый на 600 млн даляраў”, — расказаў Амарын.

Таксама, дадаў ён, 400 млн даляраў плануецца прыцягнуць на ўнутраным рынку. „Гэта ў прынцыпе тая сума, якую мы таксама атрымалі ў гэтым годзе”, — удакладніў міністр.

Паводле яго слоў, праект бюджэту на 2018 год прадугледжвае ліміт унутранага дзярждоўгу ў памеры 10 млрд рублёў, знешняга — 19,6 млрд долараў. Пры выкананні гэтых паказчыкаў параметры эканамічнай бяспекі ў наступным годзе будуць выкананы, растлумачыў Амарын.

„Суадносіны дзяржаўнага доўгу да ВУП у канцы 2018 года не перавысяць 44,5% пры парогавым значэнні 45%”, — расказаў міністр фінансаў.

Нагадаем, у 2018 годзе плацяжы па пагашэнні і абслугоўванні дзяржаўнага доўгу Беларусі чакаюцца на ўзроўні 3,7 млрд даляраў (супраць 3,4 млрд у 2017 годзе). У тым ліку каля 2,5 млрд долараў валютнага дзяржаўнага доўгу неабходна пагасіць, яшчэ больш чым 1,2 млрд даляраў — накіраваць на яго абслугоўванне.

Міністэрства фінансаў раней канстатавала, што бюджэт нясе вялікую нагрузку, звязаную з выплатамі па даўгах. У першай палове 2017 года на абслугоўванне дзярждоўгу было накіравана 12% ад сукупных расходаў рэспубліканскага бюджэту.

„Зыходзячы з усіх параметраў, можна сказаць, што дзярждоўг з’яўляецца устойлівым, але пры гэтым ён выступае вельмі значным цяжарам для краіны з пункту гледжання штогадовай нагрузкі па абслугоўванні і пагашэнні дзярждоўгу. Мы ацэньваем ў сярэднетэрміновай перспектыве штогадовыя плацяжы па дзярждоўгу на ўзроўні 3,5 млрд даляраў — гэта вялікая сума для эканомікі краіны”, — падкрэсліваў у лістападзе першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч.

belapan.com