Мінфін: Умовы выдзялення расейскага крэдыту абмяркоўваюцца



 Тэрміны і ўмовы выдзялення расейскага крэдыту Беларусі не вызначаныя і цяпер абмяркоўваюцца, паведаміў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец.

„Сродкі фінансавых крэдытаў заўсёды залічваюцца на рахункі Мінфіна Беларусі. Тэрміны і стаўкі цяпер назваць нельга — бакі ў працэсе перамоў. Але як паказвае практыка раней выдадзеных фінансавых крэдытаў — гэта заўсёды доўгатэрміновыя крэдыты пад ільготную (у дачыненні да кошту камерцыйных запазычанняў Беларусі) стаўку”, — растлумачыў Белкавец.

Расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 14 верасня паведаміў, што Расея выдзеліць Беларусі крэдыт. „Мы дамовіліся аб тым, што Расея выдзеліць Беларусі ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт — 1,5 мільярда даляраў. І мы гэта выканаем”, — сказаў Пуцін.

Доўг Беларусі па крэдытах, выдзяленне якіх залежала ад Расеі, перавышае 10 млрд даляраў, сведчаць дадзеныя Міністэрства фінансаў Беларусі, што прыводзяцца ў праспекце эмісіі беларускіх еўрабондаў. На 31 сакавіка 2020 года доўг Беларусі па міждзяржаўных крэдытах, выдадзеных Расеяй, складаў 7 млрд 924,7 млн даляраў. Акрамя таго, доўг па крэдытах, выдадзеных Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця, у савеце якога старшынствуе Мінфін Расеі, складаў 2 млрд 241,4 млн даляраў.

У бюджэце на 2020 год былі прадугледжаныя выплаты дзяржаўнай запазычанасці на суму 3,9 млрд даляраў. Амаль палову гэтых выплат Беларусь сёлета павінна была ажыццявіць на карысць Расеі і Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, якім фактычна кіруе расейскі Мінфін.

Аб планах рэфінансаваць выплаты расейскіх запазычанасцяў Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 жніўня на нарадзе, калі назіралася зніжэнне курсу беларускага рубля да ўсіх замежных валют. „Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць даляр — калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе”, — падкрэсліваў Лукашэнка.

У гэтым кантэксце ён паведаміў, што Беларусь вядзе з Расеяй перамовы аб рэфінансаванні запазычанасці на 1 млрд даляраў. „Гэта значыць, мы ў сябе гэты мільярд даляраў, дамовіўшыся з Расеяй, пакінем. І гэта будзе добрае падмацаванне нашай нацыянальнай валюты”, — адзначаў Лукашэнка.

belapan.by