Мінфін выступае за адмену падатковых ільгот



З улікам існых рызык для выканання бюджэту неабходна пайсці на адмену шэрагу падатковых ільгот, заявіў першы намеснік міністра фінансаў Дзмітрый Кійко, выступленне якога на рэспубліканскім дзелавым форуме апублікаванае ў апошнім нумары ведамаснага часопіса „Финансы, учет, аудит”.

Паводле слоў Кійко, дадатковыя расходы на ахову здароўя, выкліканыя каронавірусам, ствараюць рызыкі для выканання бюджэту. „Па ўзроўні вышукання сродкаў на падтрымку аховы здароўя мы перавышаем леташні ўзровень”, — сказаў чыноўнік.

У гэтых абставінах, адзначыў ён, Мінфін імкнецца забяспечыць збалансаванасць бюджэтаў усіх узроўняў. У якасці асноўнага вонкавага фактару, які стварае дадатковыя выклікі для бюджэту, Кійко вылучыў уплыў падатковага манеўру ў нафтавай сферы, што рэалізуецца ў Расеі.

„З улікам цяперашняга становішча дзяржаве неабходна пайсці на ўпарадкаванне шматлікіх падатковых рэжымаў з дапамогай трансфармацыі ў нейкую адзіную сістэму падтрымкі прадпрымальніцкай дзейнасці (у тым ліку з яе замацаваннем у Падатковым кодэксе)”, — адзначыў ён.

Акрамя таго, „у наяўных рэаліях наспела пашырэнне падатковай базы за кошт адмены падатковых ільгот пры адначасовым удасканаленні спосабаў іх аплаты”. Паводле звестак БелаПАН, памер падатковых ільгот у 2020 годзе ўлады ацэньвалі ў 5% ВУП.

„Мэта мерапрыемстваў, якія рыхтуюцца, — ліквідаваць прэферэнцыі для абраных, стварыўшы камфортныя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадарання, якія выключаюць падаткаабкладанне інвестыцый і забяспечваюць паступленні ў бюджэт толькі з рэальна атрыманых даходаў”, — падкрэсліў Кійко.

Ён таксама адзначыў, што Мінфін плануе пашырыць удзел малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў даходах бюджэту.

У 2021 годзе бюджэт Беларусі спаўняецца з дэфіцытам. Паводле вынікаў студзеня—красавіка расходы перавысілі даходы на 748,9 млн рублёў.

Першапачаткова дзяржаўны бюджэт на 2021 год быў сфармаваны з дэфіцытам 4 млрд рублёў, цяпер яго велічыня ацэньваецца Мінфінам у 6 млрд рублёў. Урад мяркуе, што бюджэт будзе дэфіцытным да 2023 года.

belapan.by