Мінфін запазычыць на ўнутраным рынку па 100 млн даляраў і еўра



Міністэрства фінансаў Беларусі мае намер запазычыць 100 млн даляраў і 100 млн еўра праз размяшчэнне двух выпускаў дзяржаблігацый. Пачатак размяшчэння пазыковых папер запланаваны 19 сакавіка, гаворыцца ў паведамленні Мінфіна.

Намінал адной аблігацыі 267-га выпуску складзе 1.000 долараў, тэрмін абарачэння 2.709 дзён, дата пагашэння каштоўных папер – 19 жніўня 2027 года. Працэнтны даход па аблігацыях будзе вызначаны падчас аўкцыёну 19 сакавіка і выплачвацца два разы на год.

Намінал адной аблігацыі 268-га выпуску вызначаны ў 1.000 еўра, тэрмін абарачэння – 2.191 дзень, дата пагашэння – 19 сакавіка 2026 года. Працэнтны даход таксама будзе вызначаны падчас аўкцыёну 19 сакавіка і выплачвацца два разы на год.

Міністэрства фінансаў у лютым гэтага года размясціла на аўкцыёне валютныя аблігацыі з тэрмінам абарачэння 2.920 дзён па стаўцы 3,9% гадавых.

Намеснік міністра фінансаў Андрэй Белкавец, выступаючы 14 лютага на пасяджэнні круглага стала, арганізаваным у Менску агенцтвам Cbonds, паведаміў, што ў планах у Мінфіна размяшчэнне на ўнутраным рынку рублёвых аблігацый. Ён звярнуў увагу на тое, што прыблізна 97% дзярждоўгу намінавана ў замежнай валюце. «Будзем сітуацыю выпраўляць і павялічваць долю рублёвых запазычанняў. Паспрабуем праводзіць аўкцыёны і прапаноўваць на іх рублёвыя аблігацыі», – сказаў Белкавец. Першы такі аўкцыён Мінфін плануе правесці ў красавіку.

Намеснік міністра таксама паведаміў журналістам пра запланаваныя змены ў заканадаўстве, паводле якіх страхавыя кампаніі змогуць уключаць нерухомасць у склад рэзерваў. Такім чынам, у страхавых кампаній з’явіцца магчымасць накіраваць вызваленыя рэсурсы, якія цяпер знаходзяцца ў складзе рэзерваў, на набыццё рублёвых аблігацый, растлумачыў Белкавец.

Запазычанні на ўнутраным рынку Мінфін прыцягвае для рэфінансавання плацяжоў па дзярждоўгу. У 2020 годзе Беларусь павінна накіраваць на абслугоўванне дзяржаўнага доўгу 2,9 млрд рублёў і 6 млрд – на пагашэнне асноўнага доўгу. Больш за 85% расходаў будуць звязаныя з выплатамі на карысць усходніх крэдытораў. Гаворка ідзе пра Расею, Кітай і Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця.

БелаПАН