Мінгандлю дала «дабро» на малочную манаполію ў Беларусі



На працягу сакавіка-красавіка найбуйнейшыя перапрацоўшчыкі сырога малака, якое закупляюць у сельгаспрадпрыемствах, былі ўключаны ў рэгіянальныя рэестры прадпрыемстваў, якія займаюць дамінуючае становішча на таварных рынках, піша ej.by.

Ініцыятыва зыходзіць ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якое з мінулага года адказвае за выкананне антыманапольнага заканадаўства ў Беларусі. Ведамства, такім чынам, будзе рэгуляваць узровень коштаў, паводле якіх перапрацоўшчыкі скупляюць сырое малако ў яго вытворцаў.

У кожнай з абласцей (у Віцебскай вобласці пакуль рэестр не апублікаваны) вызначаныя алігапалісты, якія займаюць дамінуючае становішча ў «закупцы сырога каровінага малака для наступнай перапрацоўкі».

Дзяржрэестр дамінантаў Берасцейскай вобласці ў красавіку гэтага года папоўніўся 10 заводамі.

Сярод іх – адзін з найбуйнейшых у краіне перапрацоўшчыкаў «Савушкін прадукт», два даччыных прадпрыемствы французскіх малочных карпарацый Danone («Данон Пружаны») і Lactalis (Ляхавіцкі малочны завод), падкантрольныя бізнесоўцу Васілю Сушко «Белавежскія сыры» і дзяржаўныя і напаўдзяржаўныя Бярозаўскі сыраробны камбінат, Кобрыньскі масладзельна-сыраробны і Лунінецкі малочныя заводы, Баранавіцкі малочны камбінат, Камянецкі сыраробны завод, Пружанскі малочны камбінат.

У Менскай вобласці «малочнікі» ўтварылі ў дзяржрэестры групу з 4 кампаній – «Здравушкі-мілка», Маладэчанскага малочнага камбіната, Слуцкага сыраробнага камбіната і Менскага малочнага завода №1.

Адзначым, што ў спіс манапалістаў не ўвайшла кампанія «Малочны гасцінец», якая ўваходзіць у структуру Упраўлення справамі прэзідэнта Беларусі, – аднаго з найбуйнейшых вытворцаў сырога малака ў СНД.

Яшчэ 4 малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы аднесены да дамінуючых структур у закупках малака ў Магілёўскай вобласці. Гэта «Бабуліна крынка» – кіруючая кампанія холдынгу «Магілёўская малочная кампанія «Бабуліна крынка», «Мсціслаўльмалако», асіповіцкі «Малочны полюс» і «Бабруйскмалако».

У гомельскі рэгіянальны рэестр дамінантаў на загадзе МАРГ уключаны Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, «Мілкавіта», Калінкавіцкі малочны камбінат, «Мазырскія малочныя прадукты», «Белсыр», Тураўскі малочны камбінат і Кастрычніцкі завод сухога абястлушчанага малака, у гарадзенскае Ваўкавыскае ААТ «Беллакт», гарадзенскі «Малочны свет», Дзятлаўскі сыраробны завод, Лідскі малочна-кансервавы камбінат, «Малочная кампанія Навагрудскія Дары» і Шчучынскі масласырзавод.

Фота aif.ru