Мінгандлю ЗША перагледзіць статус беларускай эканомікі
Міністэрства гандлю ЗША паведаміла аб пачатку працэдуры аналізу абставін, што змяніліся, каб праверыць, ці з’яўляецца Беларусь краінай з нярынкавай эканомікай. Адпаведнае паведамленне апублікаванае 6 лютага ў афіцыйным друкаваным органе ўрада ЗША — Федэральным рэгістры, паведамляе прэс-служба Міністэрства эканомікі Беларусі.
На працягу месяца зацікаўленыя бакі пададуць свае каментары ў дачыненні да Беларусі па такіх сферах, як валютныя аперацыі, інвестыцыйны рэжым, працоўныя адносіны, дзяржаўная ўласнасць, прагрэс у перамовах па далучэнні да СГА і іншых.
Пасля разгляду ўсіх каментароў Мінгандлю ЗША ацэніць мэтазгоднасць правядзення публічных слуханняў па пытанні пераводу Беларусі ў катэгорыю краін з рынкавай эканомікай. Канчатковыя вынікі могуць быць апублікаваныя ў лістападзе 2020 года.
Мінэканомікі нагадвае, што статус „краіны з нярынкавай эканомікай” быў аўтаматычна атрыманы Беларуссю ў спадчыну пасля распаду СССР. Такі статус дазваляе ўраду ЗША для аховы амерыканскіх прадпрыемстваў прымяняць абмежавальныя мытна-тарыфныя меры да асобных відаў беларускай прадукцыі, якія робяць яе экспарт эканамічна немэтазгодным.
Так, пры разліку антыдэмпінгавай пошліны для краіны з нярынкавай эканомікай цана на тавар вызначаецца зыходзячы не з нармальных абставін гэтай краіны, а з умоў спецыяльна падабранай краіны-аналага, што дазваляе ўсталёўваць завышаны памер пошліны.
Раней паспяхова быў перагледжаны статус эканомікі Расіі, Казахстана, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Румыніі.
У кастрычніку 2019 года Міністэрства эканомікі Беларусі заключыла пагадненне з кампаніяй Crowell & Moring па юрыдычным суправаджэнні працэсу пераводу краіны са статусу дзяржавы з нярынкавай эканомікай у статус краіны з рынкавай эканомікай.
У снежні 2019 года ад урада Беларусі ў Мінгандлю ЗША была накіраваная першасная заяўка на ініцыяванне працэдуры перагляду статусу беларускай эканомікі. Міністэрства гандлю ЗША палічыла, што ўрад Беларусі падаў дастатковыя доказы для пачатку працэдуры перагляду статусу беларускай эканомікі.
„Рэспубліка Беларусь зыходзіць з разумення, што беларуская эканамічная палітыка ўжо на працягу многіх гадоў адпавядае рынкавым прынцыпам, таму перагляд Мінгандлю ЗША статусу нашай эканомікі дасць магчымасць фармальна пацвердзіць тое, што існуе дэ-факта. Прысваенне Беларусі статусу краіны з рынкавай эканомікай дазволіць ліквідаваць дыскрымінацыйныя метады разлікаў памераў ставак ахоўных пошлін, пазбегнуць іх неабгрунтаванага завышэння ў адносінах да беларускай прадукцыі ў ЗША і будзе садзейнічаць нарошчванню беларускага экспарту ў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні Мінэканомікі.
„Акрамя відавочных эканамічных выгадаў, у кантэксце нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносін станоўчае вырашэнне гэтага пытання будзе мець сур’ёзныя іміджавыя перавагі для нашай краіны ў сістэме міжнароднага гандлю”, — дапоўнілі ў міністэрстве.
Акрамя таго, атрыманне статусу рынкавай эканомікі ў органах ЗША будзе спрыяць фармаванню недыскрымінацыйных абавязацельстваў Беларусі пры далучэнні да СГА, падкрэслілі ў Мінэканомікі.
Фота Reuters