Мінімальны стаж для атрымання пенсіі падвысяць да 20 гадоў



Права на працоўную пенсію па ўзросце, за выслугу гадоў з новага году прадастаўляецца пры наяўнасці стажу працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва не менш за 15 гадоў і 6 месяцаў.

Акрамя гэтага, пачынаючы з 2017-га году, неабходны стаж працы будзе павялічвацца штогод на 6 месяцаў. І ён будзе расці, пакуль не дасягне 20-ці гадоў. Такія нормы закладзеныя ва ўказ №534 ад 31 снежня 2015 года, які афіцыйна апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Пакуль што ў Беларусі не мяняецца ўзрост выхаду на пенсію.

Незалежны эканаміст Міхаіл Залескі адзначае, што пакуль няма рэформаў ў Беларусі, пенсіі застануцца нізкімі, і нават падвышэнне пенсійнага ўзросту сітуацыю не выправіць:

– Чакалі і дачакаліся! Няўжо яны не ведалі, што самая вялікая кагорта насельніцтва, якая будзе выходзіць на пенсію, гэта людзі 1945-1955 гадоў нараджэння? Ведалі, але нічога не рабілі – пануе страх перад рэформамі. У Беларусі самая нізкая працягласць жыцця ў Еўропе. Нашая пенсія за сярэднееўрапейскую настолькі раней пачынаецца, наколькі нашыя людзі раней паміраюць за сярэдняга еўрапейца.

Указ таксама вызначае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія працуюць у Беларусі ці з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, падлягаюць абавязковаму сацыяльнаму страхаванню на тых самых умовах, што і беларускія грамадзяне. Таксама ў дакуменце сказана, што пераразлік працоўных пэнсій у сувязі з ростам сярэдняга заробку ажыццяўляецца на падставе прэзідэнцкіх указаў не меней як адзін раз на год.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота 5min.by