Міністэрства энергетыкі Беларусі аспрэчыла даклад літоўскай выведкі
Міністэрства энергетыкі Беларусі аспрэчыла даклад літоўскай выведкі, што Беларусь і „Расатам”, які пабудаваў станцыю ў Астраўцы, утаілі інцыдэнты, якія адбыліся на Астравецкай АЭС у 2022 годзе, і дэфекты сістэм рэактараў.
У Мінэнерга Беларусі назвалі інфармацыю літоўскай выведкі „мэтанакіраванай акцыяй па дыскрэдытацыі БелАЭС”, накіраванай на фармаванне негатыўнага стаўлення да яе „праз раздзіманне ўяўнай пагрозы станцыі для міжнароднай супольнасці”.
У Мінэнерга запэўнілі, што ў 2022 годзе на станцыі прайшлі планавыя рамонтныя работы, якія адпавядалі ўсім патрабаванням наглядных органаў і міжнародных нормаў, а Беларусь не толькі не хавала іх правядзенне ад суседзяў, але і адказвала на пытанні.
У ведамстве заявілі, што падчас планавага рамонту на першым энергаблоку правялі кантроль металу абсталявання і трубаправодаў, але не выявілі „ніводнага дэфекту, які ўяўляе пагрозу для ядзернай і радыяцыйнай бяспекі — тым больш, які патрабуе дэмантажу рэактара”. Тым часам, у другім паўгоддзі 2023 году плануецца ўвесці ў эксплуатацыю другі энергаблок БелАЭС.