Міністэрства ЖКГ: За ацяпленне будзем плаціць, як у студзені-лютым 2016 года
Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі запэўнівае, што самы дарагі радок у нашых жыроўках — ацяпленне — не будзе расці ў цане ў гэтым годзе. «Кошт ацяплення будзе ў межах лічбаў, якія былі ў пачатку года», – заявіў прэс-сакратар міністэрства Генадзь Аксціловіч.
Прадстаўнік камунальнікаў, кажучы аб цане на ацяпленне, спаслаўся на ўказ прэзідэнта № 107. Гэты дакумент, нагадаем, усталяваў гранічныя тарыфы на «камуналку» да канца гэтага года.
«Кошт ацяплення змяняцца не будзе. Сярэдняя выніковая лічба будзе ў межах тых лічбаў, якія грамадзяне атрымлівалі ў студзені-лютым», – адзначыў Генадзь Аксціловіч.
Па гэтым указе ацяпленне для насельніцтва каштуе 13,3 рубля (133 тысячы ў старых грошах) за 1 Гкал. Стоадсоткавы тарыф (напрыклад, для пустых кватэр – 85,5 рубля (855 тысяч старымі).
Кошт ацяплення рэзка вырас у пачатку гэтага года разам з іншымі тарыфамі. Аднак пасля таго, як Лукашэнка заявіў, што тарыфы напісалі «ад балды», цэны на паслугі ЖКГ пералічылі, аднак цяпло ў дамах не патаннела.
Пра тое, што пакуль жыроўка не падаражэе, беларусаў нядаўна запэўніў і Аляксандр Лукашэнка. Да падвышэння варта рыхтавацца ўжо ў 2017 годзе. «У наступным годзе 5 даляраў будзе дакладна. У колькі гэта выльецца адсоткаў, не ведаю», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Нагадаем, зараз беларусы кампенсуюць 58% выдаткаў на «камуналку». Да 2018 года гэты паказчык павінен скласці 100%.