Міністэрства зносін Латвіі дамовілася пра супрацу з „Вялікім каменем”
Мемарандум аб супрацоўніцтве заключаны паміж Міністэрствам зносін Латвіі і Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам „Вялікі камень”. Падпісанне дакумента адбылося па выніках перамоваў, якія 20 чэрвеня правёў выканаўчы дырэктар СЗАТ „Кампанія па развіцці індустрыяльнага парку” Се Дунган з міністрам зносін Латвіі Улдзісам Аўгулісам.
„Гэтая падзея паслужыць развіццю латвійскай чыгункі, партоў і паветраных паведамленняў, а таксама ўмацуе партнёрскія адносіны паміж Латвіяй і Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам, дасць новы штуршок ініцыятыве „Адзін пояс, адзін шлях”, — падкрэсліваецца ў паведамленні адміністрацыі „Вялікага каменя”. У мерапрыемстве таксама бралі ўдзел пасол Латвіі ў КНР Марыс Селга, дзяржсакратар Міністэрства зносін Латвіі Каспарс Азаліньш, саветнік пасольства Латвіі ў КНР Сы Бо.
Падчас перамоў абмяркоўвалася супрацоўніцтва паміж партамі Рыга і Вентспілс, Кітаем і Беларуссю. Сярод перспектыўных галін былі названыя аказанне паслуг у сферы транспартных перавозак, кіравання і абслугоўвання партоў, развіцця інфраструктуры. Се Дунган таксама прадставіў прысутным прагрэс развіцця маршрутнага рэйса Кітай — Еўропа.
Улдзіс Аўгуліс распавёў пра перавагі геаграфічнага становішча Латвіі і праінфармаваў пра сітуацыю з развіццём партоў. Міністр зносін Латвіі падкрэсліў перспектыўнасць супрацоўніцтва з краінамі, якія знаходзяцца ўздоўж „Аднаго пояса, аднаго шляху”, а таксама выказаў надзею на сумеснае развіццё латвійскіх партоў.
Індустрыяльны парк „Вялікі камень” — тэрыторыя плошчай 91,5 кв. км з асаблівым прававым рэжымам, які забяспечвае камфортныя ўмовы вядзення бізнесу. Парк фарміруецца ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці, за 25 км ад сталіцы. Прыярытэтныя напрамкі развіцця: электроніка, біямедыцына, тонкая хімія, машынабудаванне і новыя матэрыялы. Меркаваныя рынкі — краіны СНД і Еўрасаюза.
belapan.by