Міністр эканомікі назваў тры стратэгічныя праекты
Стратэгічнымі праектамі беларускай эканомікі могуць стаць другая АЭС, яшчэ адзін цэлюлозны камбінат і базальты. Пра гэта ў эфіры “Беларусь 1” распавёў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў.
“Лес і драўніну мы яшчэ не поўнасцю выкарыстоўваем. І магчымае будаўніцтва яшчэ аднаго цэлюлознага камбіната трэба разглядаць. Але з цэлюлозы вырабляць не толькі паперу, пакаванне і гэтак далей, але і віскозу. Другі напрамак – гэта базальты. Гэта мінералы, з якіх мы таксама можам атрымліваць матэрыялы і выкарыстоўваць іх для вытворчасці ў будаўнічых канструкцыях, аўтамабілебудаванні і гэтак далей”, – заявіў Чарвякоў.
Ён таксама назваў стратэгічна важным пытаннем энергетыку. “Будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі – гэта кірунак, які важны для будучыні краіны. Бо гаворка ідзе пра тое, што цыкл будаўніцтва займае ад 10 да 15 гадоў. Гэтым пытаннем трэба займацца ўшчыльную”, – сказаў міністр. (news.zerkalo.io)
У Беларусі пабудавалі на 9% менш жылля, чым летась
За дзевяць месяцаў бягучага года Беларусі пабудавалі на 9% менш жылля, чым за той жа перыяд мінулага года. Усяго сёлета ўвялі ў эксплуатацыю больш за 2 мільёны 630 тысяч квадратных метраў жылля. З іх каля 38 працэнтаў – для тых грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Траціна прыйшлася на будаўніцтва ў сельскай мясцовасці.
“Прычым сітуацыя за верасень пагоршылася, чым была месяцам раней, — адзначаюць аналітыкі праекта “Нашы грошы”. — Вераснёўскі ўвод жылля аказаўся адразу на 17% ніжэйшы за аналагічны паказчык мінулага года”. Сярод прычын, па якіх будаўніцтва скарачаецца, называецца недахоп грошай для льготных праграм падтрымкі.
Адкрыць рахунак у расейскіх банку для беларусаў стане прасцей
Урад Расеі спрасціў парадак адкрыцця рахункаў у расейскіх банках для грамадзян 25 краін, у тым ліку і Беларусі. Пра гэта паведаміў прэм’ер-міністр Расеі Міхаіл Мішусцін.
Дакументы на адкрыццё рахункаў можна будзе падаць яшчэ да прыезду ў Расею. “Для гэтага замежным грамадзянам трэба будзе прадставіць пакет неабходных дакументаў у крэдытную арганізацыю, якая знаходзіцца ў іх краіне, яшчэ да ўезду ў Расею. Па прыбыцці яны змогуць ажыццяўляць плацяжы ў нашых банках. Вядома, так значна зручней для ўсіх, хто прыязджае да нас, – для турыстаў, прадпрымальнікаў. Разлічваем, што прынятыя рашэнні дапамогуць палепшыць узаемадзеянне паміж дзелавымі супольнасцямі дзяржаў-партнёраў”, – сказаў расейскі прэм’ер.
Беларускае Радыё Рацыя