Міністр энергетыкі не задаволены тэмпамі будаўніцтва БелАЭС



  Міністр энергетыкі Уладзімір Патупчык на выніковай калегіі ведамства 21 лютага ў Астраўцы выказаў незадаволенасць тэмпамі будаўніцтва Беларускай АЭС. Аднак пры гэтым ён перакананы, што аб’ект будзе здадзены ў тэрмін. „На жаль, тэматычны план па ўзвядзенні АЭС выкананы генеральным падрадчыкам на 80%, — адзначыў ён. — Асноўная прычына — недахоп кваліфікаванага будаўнічага персаналу на пляцоўцы і зрыў тэрмінаў пастаўкі абсталявання. Усяго выканана работ на 15,4 млрд расійскіх рублёў пры запланаваных 19,1 млрд. <…> Пытанні збудавання Беларускай АЭС штомесяц разглядаліся на аператыўных штабах з удзелам намесніка прэм’ер-міністра Уладзіміра Сямашкі. Прымаліся неабходныя рашэнні, аднак з-за дапушчаных генпадрадчыкам пралікаў і непрынятых мер з боку Мінбудархітэктуры па нарошчванні колькасці будаўнікоў нам не ўдалося выйсці на запланаваныя аб’ёмы работ”.

Як заявіў кіраўнік Мінэнерга, „2018 год для збудавання Беларускай АЭС з’яўляецца вырашальным”. „Персанальная адказнасць за выкананне тэматычнага плана ўскладаецца на кіраўнікоў арганізацый, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве АЭС. Заказчыку ў асобе Міхаіла Філімонава неабходна займаць больш прынцыповую пазіцыю па пытаннях, якія ўзнікаюць падчас будаўніцтва БелАЭС. <…> Усе неабходныя даручэнні дадзеныя, запатрабаванне за іх выкананне будзе строгім„, — падкрэсліў міністр.

Генеральны дырэктар БелАЭС Міхаіл Філімонаў у сваю чаргу пацвердзіў, што 2017 год „апынуўся не выключэннем у няўдалай працы па выкананні будаўніча-мантажных работ”. „Гэтая тэндэнцыя нас захліснула з 2015 года, калі засваенне склала каля 80%, у 2016-м — 77%, у 2017-м — 81%. Прычына ў асноўным адна — генеральны падрадчык не спраўляецца са сваімі абавязкамі па будаўніцтве”, — сказаў ён.

Задача 2018 года сфарміраваная, з кожнай падраднай арганізацыяй гэтыя аб’ёмы ўзгодненыя, — запэўніў Філімонаў. — Кожная арганізацыя пагадзілася, што яна выканае гэтыя аб’ёмы, а яны значныя. Трэба больш чым у два разы павялічыць аб’ём работ, з іх будаўнічыя працы застаюцца практычна на тым жа ўзроўні, цепламантажныя работы павінны быць павялічаныя ў 2,87 разу, а электрамантажныя — у 4,25 разу. Задача складаная, напружаная, але з усімі арганізацыямі аб’ёмы разгледжаны, узгодненыя і падпісаныя. Трэба выканаць 16 ключавых падзей, яны павінны быць у выкананыя ў тэрмін, гэта дазволіць нам пачаць фізічны пуск у лютым 2019-га. Сумневаў проста не павінна быць, і іх няма„.

Патупчык параіў гендырэктару АЭС „не шукаць вінаватых, а паставіць усіх пад ружжо, мабілізаваць усіх на вырашэнне галоўнай стратэгічнай задачы”. „Яна павінна быць рэалізаваная. Ваша роля як заказчыка разам з генпадрадчыкам арганізаваць гэты працэс. Мы вызначыліся з ключавымі падзеямі, яны павінны быць забяспечаныя”, — падкрэсліў міністр энергетыкі.

Пасля калегіі Патупчык заявіў журналістам, што міністэрства прызнае адставанне ад графіка рэалізацыі планаў па будаўніцтву АЭС, але запэўніў, што выпрацаваны ўсе неабходныя рашэнні, каб змяніць сітуацыю і забяспечыць увод станцыі ў эксплуатацыю ва ўстаноўленыя тэрміны.

Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць), паблізу ад беларуска-літоўскай мяжы, за кошт крэдыту Расіі. Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расійскі праект атамнай станцыі новага пакалення з выкарыстаннем вода-вадзянога энергетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.   БелаПАН