Міністр энергетыкі РФ: Пастаўляць нафтапрадукты ў Беларусь немэтазгодна
Экспарт расейскіх нафтапрадуктаў у Беларусь не з’яўляецца эканамічна мэтазгодным, заявіў 3 верасня ў Маскве міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак.
„У цэлым прадугледжаныя індыкатыўным балансам нулявыя лічбы па пастаўках нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь, таму што Беларусь забяспечвае сябе цалкам за кошт перапрацоўкі расейскай нафты ўласнымі нафтапрадуктамі. У гэтай сувязі эканамічнай мэтазгоднасці ў тым, каб пастаўляць расейскія нафтапрадукты Беларусі, няма”, — цытуе Новака ТАСС.
Паводле слоў міністра, сёлета Расея пастаўляла Беларусі некаторыя віды нафтапрадуктаў, „хоць у цяперашні час індыкатыўны баланс гэтага не прадугледжвае”. Пра які аб’ёме паставак ідзе гаворка, Новак не ўдакладніў.
Ён таксама паведаміў, што Масква і Менск ўсталююць лімітавы ўзровень паставак нафтапрадуктаў з Расеі ў Беларусь на наступны год. „Мы складаем штогод балансы з беларускімі калегамі, зараз такая праца вядзецца на 2019 год”, — сказаў міністр.
Як паведамлялася раней, у першым паўгоддзі Беларусь павялічыла імпарт нафтапрадуктаў у паўтара разу. Паводле звестак беларускай статыстыкі, у студзені-чэрвені з Расеі было імпартавана 2,1 млн тон нафтапрадуктаў на 0,8 млрд долараў. Імпарт расейскіх нафтапрадуктаў павялічыўся ў фізічным выражэнні на 49,4%.
Паводле інфармацыі БелаПАН, па ініцыятыве расейскага боку ўжо падрыхтавана рашэнне аб тым, што з чацвёртага квартала 2018 года Расея абмяжоўвае пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь і гатовая пастаўляць іх выключна для задавальнення ўнутраных патрэбаў рэспублікі.
Акрамя таго, праект міждзяржаўнага рашэння прадугледжвае, што па патрабаванні расейскіх уладаў беларускія прадпрыемствы і дзяржаўныя органы павінны будуць абгрунтоўваць гэтыя ўнутраныя патрэбы.
Як паведамляла ў жніўні агенцтва Reuters са спасылкай на дакументальныя крыніцы, Расея плануе абмежаваць пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь у сувязі з тым, што падазрае рэспубліку у рээкспарце расейскіх нафтапрадуктаў.
У сярэдзіне жніўня першы віцэ-прэм’ер Васіль Мацюшэўскі паведаміў журналістам, што беларускія ўлады вядуць з Расеяй перамовы па нафтавых пытаннях. „Перамовы ідуць на ўзроўні віцэ-прэм’ераў, якія курыруюць гэтую тэму. Дастаткова глыбокія перамовы”, — адзначаў Мацюшэўскі, каментуючы інфармацыю ў СМІ аб абмежаванні паставак расейскіх нафтапрадуктаў. Пры гэтым ён выказваў надзею, што віцэ-прэм’еры Беларусі і Расеі, якія ўдзельнічаюць у нафтавых перамовах, у бліжэйшы час „знойдуць рашэнне ўсіх няпростых пытанняў”.