Міністр энергетыкі запрасіў гендырэктара МАГАТЭ на пуск БелАЭС
Міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч запрасіў генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) Рафаэля Марыяна Гросі паўдзельнічаць у энергетычным пуску першага энергаблока Беларускай АЭС, які намечаны на 7 лістапада.
Як паведамляе прэс-служба Мінэнерга, сустрэча кіраўніка беларускага энергетычнага ведамства і кіраўніка агенцтва адбылася 21 верасня ў Вене ў рамках 64-й сесіі генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ.
Каранкевіч заявіў, што на ўсіх этапах збудавання БелАЭС „безумоўным прыярытэтам застаецца бяспека”. Паводле яго слоў, Беларусь добраахвотна правяла стрэс-тэсты атамнай станцыі „з улікам спецыфікацыі Еўрапейскай групы рэгулятараў у сферы ядзернай бяспекі і ў 2018 годзе прайшла партнёрскі агляд нацыянальнай справаздачы па стрэс-тэстах”.
„У рэчышчы практыкі ЕЗ у 2019 годзе Беларусь падрыхтавала нацыянальны план дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў, які прадугледжвае меры па рэалізацыі атрыманых рэкамендацый, — сказаў ён. — Гэты план выконваецца. Больш за тое, мы практычна завяршылі выкананне тых рэкамендацый, якія эксперты ЕС пазначалі як прыярытэтныя для рэалізацыі да ўводу першага энергаблока ў эксплуатацыю”.
Міністр паведаміў суразмоўцу, што на працягу найбліжэйшых месяцаў адбудзецца партнёрскі агляд нацыянальнага плана дзеянняў па выніках стрэс-тэстаў БелАЭС, які пройдзе пры ўдзеле экспертаў з ліку прадстаўнікоў ядзерных рэгулятараў краін Еўрасаюза.
Каранкевіч і Гросі абмеркавалі пытанні ўзаемадзеяння беларускага энергетычнага ведамства з МАГАТЭ і перспектывы далейшага супрацоўніцтва.
Паводле слоў кіраўніка Мінэнерга, цяпер асаблівую ролю адыгрывае партнёрства з агенцтвам у галіне рэалізацыі нацыянальнай ядзерна-энергетычнай праграмы і развіцця інфраструктуры ядзернай энергетыкі. Ён адзначыў, што за 2012—2020 гады Беларусь прыняла сем ацэначных місій МАГАТЭ. „Апошняя з рэкамендаваных місій для краін, якія ўпершыню пачынаюць будаўніцтва АЭС, — кансультацыйная місія па фізічнай абароне — наведае Беларусь у сярэдзіне 2021 года”, — адзначыў ён.
Рэкамендацыі і прапановы, атрыманыя па выніках місій, „пакладзеныя ў аснову нацыянальных планаў дзеянняў і з`яўляюцца важным арыенцірам для Беларусі ў дзейнасці па развіцці інфраструктуры ядзернай энергетыкі і ўдасканаленні рэгулявання ядзернай і радыяцыйнай бяспекі”.
64-я сесія генеральнай канферэнцыі МАГАТЭ праходзіць 21—25 верасня ў Венскім міжнародным цэнтры. На ёй будуць падведзеныя вынікі работы агенцтва за 2019 год, абноўлены яго бюджэт і акрэсленыя прыярытэты на 2021 год. На канферэнцыі абмяркоўваюцца пытанні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, а таксама фізічнай ядзернай бяспекі і міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва.
Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200.
У жніўні ў актыўную зону рэактара першага блока атамнай станцыі загрузілі 163 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. З гэтага пачаўся фізічны пуск БелАЭС.
На сустрэчы з „палітычным актывам краіны” Аляксандр Лукашэнка аб`явіў, што энергетычны пуск атамнай станцыі, пры якім АЭС пачне паступова выдаваць у сетку электрычнасць, запланаваны на 7 лістапада.
Другі энергаблок станцыі намечана запусціць у 2021 годзе з выхадам на поўную магутнасць у 2022-м.
Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць абодва блокі станцыі штогод будуць выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі.