Міністр працы параіла беларусам “круціцца” і не нараджаць дзеля кватэры



Мар’яна Шчоткіна распавяла, хто вінаваты ў тым, што грамадзяне нашай краіны мала зарабляюць.

get_img

Беларусы павінны праяўляць вялікую працоўную актыўнасць для павышэння свайго дабрабыту. Такое меркаванне выказала журналістам міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Марыяна Шчоткіна, якая сёння наведвае Гарадзенскую абутковую фабрыку „Нёман”.

Адказваючы на пытанне аб тым, у якім кірунку будзе развівацца сацыяльная падтрымка беларускіх сем’яў у Беларусі, міністр паведаміла, што ў гэтым годзе ніякіх зменаў у заканадаўства ўносіць не будуць. Мар’яна Шчоткіна выказала меркаванне, што сёння сацыяльныя выплаты сем’ям з непаўнагадовымі дзецьмі перавышаюць мінімальную зарплату і сувымерныя, часам, з заробкамі на некаторых прадпрыемствах.

„Умовы, якія сёння ёсць, схіляюць сям’ю да таго, каб нараджаць больш дзяцей, калі гэта, вядома, запланавана. Таму што нараджэнне дзяцей дзеля дапамогі або кватэры недапушчальна. Але калі людзі прымаюць рашэнне пра тое, што ў іх будзе двое-трое дзяцей або больш, яны разумеюць таксама, што ім трэба, што называецца, „круціцца”. Для таго, каб зарабіць, сёння ёсць магчымасці. Амаль 93% беларусаў працуюць толькі на адной працы, а гэта і мужчыны . Але калі маці займаецца дома дзецьмі, так хай тата „пакруціцца”.

Тым больш што ў працоўнае заканадаўства зроблены адпаведныя змены: гэта і артыкул аб надомнай працы, гэта магчымасць, напрыклад, калі на адным прадпрыемстве няпоўная занятасць, па сумяшчальніцтве працаваць на поўную стаўку там, дзе сумяшчальніцтва аформлена. Сёння беларусам трэба праяўляць большую актыўнасць, каб падвысіць свой дабрабыт „, – сказала міністр.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота belgazeta.by