Міністр транспарту Беларусі і кіраўніцтва „Белнафтахіма” наведваюць Літву



Міністр транспарту і камунікацый Беларусі Аляксей Аўраменка сумесна з кіраўніцтвам канцэрна „Белнафтахім” і прадстаўнікамі Беларускай нафтавай кампаніі знаходзяцца з візітам у Літве.

11 лютага падчас сустрэчы з міністрам транспарту і камунікацый Літоўскай Рэспублікі Рокасам Масюлісам бакі абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва ў транспартнай сферы, у тым ліку падрыхтоўку да II Еўрапейскім гульняў, што адбудуцца ў Беларусі, паведамляе беларускае міністэрства.

12 лютага дэлегацыя плануе наведаць Клайпедскі дзяржаўны марскі порт для абмеркавання ўмоў і магчымасцяў па перавалцы беларускіх грузаў.

Варта адзначыць, што ў апошнія месяцы на фоне ініцыятыў Літвы ў дачыненні да Беларускай АЭС на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі стала абмяркоўвацца тэма магчымага перанакіравання беларускіх грузаў з Клайпедскага порта ў парты іншых дзяржаў, у прыватнасці Латвіі.

Прызначаючы 18 верасня Васіля Марковіча паслом у Латвіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікі патэнцыял у развіцці супрацоўніцтва з гэтай краінай. „Вы разумееце, што выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, дык трэба рабіць упор на Латвію. Трэба зрабіць так, каб гэтая рэспубліка задавальненне атрымлівала ад супрацоўніцтва з Беларуссю. Мы людзі прыстойныя, абавязковыя, яны гэта ведаюць. І калі яны пойдуць нам насустрач па многіх пытаннях, якія мы ім прапануем, яны будуць мець пэўны (і немалы) эфект”, — заявіў беларускі кіраўнік.

Гэтую тэму Лукашэнка таксама закрануў 15 студзеня пры прызначэнні новым паслом Беларусі ў Літве Валерыя Бараноўскага. „Гэта справа Літвы. Хочуць з намі супрацоўнічаць, хочуць выбудоўваць добрасуседскія адносіны — калі ласка, мы адкрытыя для гэтага. Не хочуць — я думаю, у нас ёсць маса варыянтаў, абыдземся. Тым больш што наша асноўнае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва ляжыць на поўдні, паўднёвым захадзе, паўднёвым усходзе. Порт Адэсы адкрыты для нас. І мы можам на тым напрамку выкарыстоўваць гэты порт”, — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што калі Літва не хоча адысці ад „незразумелых патрабаванняў па атамнай станцыі” і дэпалітызаваць адносіны, дык ў Беларусі „добрыя адносіны з Латвіяй”, якая таксама мае выхад да Балтыйскага мора. „Гэта проста нейкая бязглуздіца. Навошта намотваць гэтую атамную станцыю?!” — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

У 2017 годзе цераз Клайпедскі порт прайшло 43,17 млн тонаў грузаў. З іх траціна прыпадае на долю Беларусі, якая дастаўляе морам цераз Літву ў асноўным ўгнаенні і нафтапрадукты.

belapan.by