Міністр ЖКГ: Насельніцтва аплачвае не больш за 20% затрат на цеплавую энергію



Насельніцтва аплачвае не больш за 20% затрат на цеплавую энергію, паведаміў у інтэрв’ю тэлеканалу „Беларусь 1” міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў.

Ён таксама адзначыў, што кацельні актыўна пераводзяцца на мясцовыя віды паліва (МВП) — шчапу і торф. Шчапа, растлумачыў міністр, можа даць зніжэнне кошту выпрацоўкі цяпла не менш чым на 20%.

Па словах Церахава, тарыфы на тэхабслугоўванне і вываз ЦБА не павысіліся ў параўнанні з мінулым годам. „Гэта адлюстроўвае зніжэнне затрат прадпрыемствамі ЖКГ, але на сёння тарыфы для насельніцтва на цеплавую энергію пакрываюць не больш за 20% ад затрат. Мы перш за ўсё, эканомячы, зніжаем нагрузку на бюджэт”, — сказаў кіраўнік ЖКГ.

Ён адзначыў, што на сабекошт цеплавой энергіі ўплывае і стан трубаправодаў. У 2018 годзе было заменена 860 км, або 4% ад усёй працягласці сеткі. „Гэтыя два мерапрыемствы (перавод на МВП і замена труб) дазволілі нам за год не дапусціць росту сабекошту цеплавой энергіі”, — адзначыў Церахаў.

У наступным годзе, паведаміў ён, пераводу на МВП падлягаюць каля 200 кацельняў. Плануецца таксама паступова замяняць пячное ацяпленне ў мястэчках на электрычнае. „Для гэтага ёсць даволі камфортны тарыф, 3,35 капейкі за кілават”, — заўважыў кіраўнік ведамства.

Церахаў адзначыў, што за 2018 год капітальна адрамантавана 2,2 млн кв. м жылля, або 2% ад эксплуатуемага жыллёвага фонду. „Гэта недастаткова. Мэтай нашай дзяржпраграмы „Камфортнае жыллё” прадугледжваецца штогадовы рамонт 3% жылфонду. На жаль, у 2018 годзе адбыўся зрыў праграмы па Менску і Магілёўскай вобласці. Але ўсе гэтыя аб’ёмы павінны будуць кампенсаваныя ў 2019-2020 гадах”, — сказаў ён.

Міністр таксама нагадаў, што ў маі мінулага года быў падпісаны ўказ аб паскоранай замене ліфтавага абсталявання. На сёння, паводле яго слоў, заменена больш за 2 тысячы ліфтаў. „Гэта больш, чым за папярэднія пяць гадоў. На гэты год запланавана замена каля 4 тысяч ліфтаў, і да 2020 года гэта работа павінна быць завершана”, — сказаў ён.

Церахаў паведаміў, што у 2018 годзе дзяржпадтрымка па аплаце паслуг ЖКГ была аказана 300 тыс. сем’яў на агульную суму 1 млн 150 тыс. рублёў, прычым 95% — па выяўляльным прынцыпе. „Чалавек не звяртаўся ў дзяржорганы, не пісаў заяў, не збіраў даведак. Ацаніўшы яго матэрыяльны стан, дзяржава прыняла рашэнне аб аказанні падтрымкі”, — адзначыў міністр.

Ён таксама звярнуў увагу на развіццё ў краіне адзінай дыспетчарскай службы ЖКГ 115. „Калі выбудавана „вертыкаль”, наладжаны дыялог з насельніцтвам, гэта дасць нам магчымасць своечасовага рэагавання. Сталічнымі ўладамі пастаўлена задача, каб з’явілася магчымасць пакідаць заяўкі на зручны для жыхара час — на раннюю раніцу або на вечар пасля працы. Пакуль гэта будзе ў Менску , але думаю, што такую практыку будзем укараняць і ў іншых гарадах”, — дадаў Церахаў.

belapan.by