Міністрам эканомікі Беларусі прызначаны Аляксандр Чарвякоў



Міністрам эканомікі Беларусі прызначаны Аляксандр Чарвякоў. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка.

Да гэтага часу Аляксандр Чарвякоў працаваў на пасадзе першага намесніка міністра эканомікі. Пасада міністра заставалася вакантнай пасля назначэння Дзмітрыя Крутога першым віцэ-прэм’ерам.

Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, чаму для назначэння была прапанавана менавіта кандыдатура Аляксандра Чарвякова, наколькі сурʼёзна і грунтоўна яна была прапрацавана. 

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка запэўніў, што кандыдатура на пасаду міністра эканомікі прапрацоўвалася на альтэрнатыўнай аснове, было некалькі прэтэндэнтаў. «У выніку прыйшлі да высновы, што найбольш дастойная ва ўсіх адносінах – кандыдатура Аляксандра Чарвякова», – сказаў ён.

«Гэта не проста цэнтральная пасада ва ўрадзе. Нам трэба вельмі сурʼёзна арганізаваць работу Міністэрства эканомікі так, каб было добрае экспертнае меркаванне і добрыя праекты нарматыўных актаў для развіцця нашай эканомікі, аналіз павінен быць сурʼёзны», – падкрэсліў Лукашэнка.

У сваю чаргу першы віцэ-прэмʼер Дзмітрый Круты адзначыў, што Аляксандр Чарвякоў прайшоў добрую школу, у прыватнасці, працяглы час узначальваў Навукова-даследчы эканамічны інстытут Мінэканомікі. «Па сутнасці гэта структура пры Міністэрстве эканомікі, якая і генеруе ўсе альтэрнатыўныя пункты гледжання, якія ёсць у нашай краіне. Ён быў дырэктарам інстытута, потым быў намеснікам, першым намеснікам міністра. Вёў самыя вострыя напрамкі ў нашым міністэрстве», – адрэкамендаваў першы віцэ-прэмʼер.

Аляксандр Чарвякоў нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1988 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (г. Горкі Магілёўскай вобласці), у 1994 годзе – аспірантуру БДСГА.

У 1988-1991 гадах – інжынер, вядучы інжынер-механік саўгаса-камбіната «Юбілейны» Аршанскага раёна.

З 1991 па 1994 год – вучоба ў аспірантуры БДСГА.

У 1994-2010 гадах – асістэнт, выкладчык, старшы выкладчык, дацэнт, дактарант кафедры механізацыі жывёлагадоўлі і электрыфікацыі сельскагаспадарчай вытворчасці БДСГА.

2010-2017 гады – дырэктар ДНУ «НДЭІ Мінэканомікі Рэспублікі Беларусь».

Са студзеня 2017-га – намеснік міністра эканомікі Беларусі. З лістапада 2018-га – першы намеснік міністра эканомікі.

Кандыдат тэхнічных навук (2002), дацэнт. Аўтар і суаўтар 7 манаграфій, навучальных і даведачных дапаможнікаў, звыш 90 навуковых прац, 4 вынаходак.

БелТА