Міністры энергетыкі Беларусі і Расеі абмеркавалі ўмовы разліку за газ



Актуальныя пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы абмеркавалі 9 чэрвеня міністры энергетыкі Беларусі і Расеі Віктар Каранкевіч і Аляксандр Новак, паведамляе Мінэнерга Беларусі.

Перамовы прайшлі ў фармаце відэаканферэнцыі. Акрамя міністраў у іх узялі ўдзел пасол Беларусі ў РФ Уладзімір Сямашка і старшыня наглядальнага савета, намеснік кіраўніка апарата праўлення — дарадца старшыні праўлення ПАТ „Газпром” Аляксандр Мяшкоў.

„Бакі абмяняліся думкамі адносна выканання ўмоў разліку за расейскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь. Пры гэтым пазіцыя беларускага боку застаецца нязменнай: для ўрэгулявання рознагалоссяў, што ўзніклі паміж суб’ектамі гаспадарання па цане на газ з улікам яго каларыйнасці, ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” неабходна даць методыку вызначэння фактычнай сярэднямесячнай цеплыні згарання прыроднага газу з метралагічным пацвярджэннем яе прыдатнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі”, — паведамляе Мінэнерга.

„Акрамя таго, былі закранутыя пытанні паставак расейскага газу ў 2020 годзе. За мінулы перыяд 2020 года захоўваецца тэндэнцыя да зніжэння цэн на расейскі газ, што пастаўляецца ў Еўропу, — як спотавых, так і па доўгатэрміновых кантрактах. У сувязі з гэтым беларускі бок у чарговы раз адзначыў неабходнасць перагляду цаны на газ для Беларусі з вызначэннем яе карэктнага і справядлівага ўзроўню. Беларускі бок выказаў зацікаўленасць у больш хуткім вырашэнні згаданых пытанняў і пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў па далейшым супрацоўніцтве з расійскім бокам у газавай сферы”, — адзначаецца ў паведамленні.

Напярэдадні „Газпром” паведаміў, што пачне перамовы з Беларуссю толькі пасля выканання бягучых дамоўленасцяў.

„Газпром” накіраваў адказ на ліст міністра энергетыкі Беларусі, атрыманы на мінулым тыдні. „Адзначана, што цэнавыя ўмовы пастаўкі газу да канца бягучага года былі канчаткова ўзгодненыя 14 лютага 2020 года”, — гаварылася ў прэс-рэлізе „Газпрома”.

„Пры ўмове поўнага захавання беларускім бокам ужо дасягнутых дамоўленасцяў у 2020 годзе „Газпром” пацвярджае гатоўнасць пачаць перамовы ў дачыненні да ўмоў пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года”, — падкрэслівалася ў паведамленні.

29 траўня кіраўнік „Газпрома” Аляксей Мілер паведаміў расейскім журналістам пра наяўнасць у Беларусі завінавачанасці за газ. „Агульная сума беларускай завінавачанасці за пастаўкі расейскага газу на сёння складае 165 млн 570 тыс. долараў. Адразу, як толькі будзе цалкам урэгуляваная завінавачанасць, расейскі бок будзе гатовы прызначыць перамовы па ўмовах пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года”, — сказаў Мілер.

У той жа дзень Мінэнерга Беларусі заявіла пра адсутнасць завінавачанасці. „Разлікі за прыродны газ ажыццяўляюцца беларускімі газазабяспечвальнымі арганізацыямі з ААТ „Газпром трансгаз Беларусь” у адпаведнасці з заключанымі дагаворамі”, — адзначалася ў паведамленні.

Пры гэтым у міністэрстве адзначылі, што „цяпер паміж суб’ектамі гаспадарання маюцца рознагалоссі па вызначэнні кошту пастаўлянага прыроднага газу з улікам яго каларыйнасці”.

Менск дамагаецца зніжэння кошту расейскага газу ў сувязі з яго патанненнем на сусветных рынках (кантракт на 2020 год прадугледжвае пастаўку паліва па 127 долараў ЗША за тысячу кубаметраў). У сваю чаргу расійскія ўлады абумоўліваюць рашэнне газавага пытання ўніфікацыяй сістэм падаткаабкладання дзвюх краін.

belapan.by