Мінлясгас плануе выставіць на таргі каля 20 тыс. куб.м піламатэрыялаў
У наступную сераду, 12 траўня на Беларускай універсальнай таварнай біржы адбудзецца гандлёвая сесія па рэалізацыі пілапрадукцыі на ўнутраны рынак. Арганізацыі Мінлясгаса гэтым разам плануюць выставіць на продаж каля 20 тысяч кубаметраў піламатэрыялаў: 15 тысяч кубаметраў іглічных і 5 тысяч кубаметраў лісцевых парод, паведамляе прэс-служба гэтага ведамства.
Пры гэтым, таргі будуць арганізаваны ў два этапы. Спачатку падрыхтаваная драўніна будзе прапанаваная юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць унутры краіны. У выпадку, калі лоты апынуцца незапатрабаванымі, піламатэрыялы будуць выстаўленыя паўторна для рэалізацыі як унутры краіны, так і на экспарт.
А затым, пачынаючы з 19 траўня, арганізацыі Мінлясгаса штотыдзень будуць выстаўляць на таргі не менш за дзве тысячы кубаметраў піламатэрыялаў для рэалізацыі выключна на ўнутраны рынак. Такім чынам айчынныя прадпрыемствы змогуць забяспечыць свае патрэбы драўнінай у прыярытэтным парадку. Экспарт жа будзе ажыццяўляцца па рэшткавым прынцыпе. Пры гэтым цана, як і раней, будзе фарміравацца непасрэдна на біржавых таргах і залежаць ад узроўню попыту і прапановы.
Адзначым, што доля пілапрадукцыі ў краіне, вырабленай арганізацыямі Мінлясгаса, у 2020 годзе склала 23 %. Асноўнымі вытворцамі сёння з’яўляюцца прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. У сувязі з гэтым Міністэрства лясной гаспадаркі запрашае іншых вытворцаў далучыцца да гэтай ініцыятывы.