Мінлясгас: У галіне сур’ёзная праблема з дэбіторскай запазычанасцю



У лясной галіне адзначаецца сур’ёзная праблема з дэбіторскай запазычанасцю, паведаміў на прэс-канферэнцыі 31 траўня ў Менску начальнік упраўлення вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Міністэрства лясной гаспадаркі Аляксандр Сурта.

Міністэрства лясной гаспадаркі

Пры гэтым, паводле яго слоў, знешняй дэбіторскай запазычанасці няма. „Што да ўнутранага спажывання, то тут у нас ёсць велізарная праблема па разліках практычна з усімі арганізацыямі: без ведамаснай падпарадкаванасці, Мінжылкамгаса, СВК, АПК, асаблівая запазычанасць у канцэрна „Беллеспаперапрам”, — адзначыў чыноўнік.

На 1 траўня дэбіторская запазычанасць канцэрна склала 67 млрд. рублёў, арганізацый ЖКГ — 111 млрд., АПК — 47 млрд.

„Што да запазычанасці ЖКГ за драўнянае паліва, то было шмат даручэнняў на ўзроўні ўрада, якія не выконваюцца ні ЖКГ, ні аблвыканкамамі. Штогод прымаецца пастанова па падрыхтоўцы да восеньска-зімовага сезона, і там прапісана разлічыцца да 1 жніўня. Але запазычанасць за апошнія паўгода кожны месяц ўзрастае на 5 млрд. рублёў”, — падкрэсліў Сурта.

Ён адзначыў, што міністэрства пастаянна звяртаецца ў эканамічныя суды, у падатковыя органы. „Па некаторых адміністрацыйных раёнах ідуць нармальныя разлікі, ідзе разуменне з боку раённых выканаўчых органаў”, — сказаў начальнік упраўлення. Сурта паведаміў, што 1 студзеня дэбіторская запазычанасць ЖКГ перад арганізацыямі ведамства складала 98 млрд. рублёў і вырасла да 111 млрд. „Некаторыя перспектывы па аплаце ўсё ж ёсць, але запазычанасць нарастае”, — сказаў ён.

У цэлым запазычанасць па галіне на 1 мая склала прыблізна 250 млрд. рублёў. Сярод найбольш „злосных парушальнікаў фінансавай дысцыпліны” прадстаўнік Мінлясгаса назваў Завод газетнай паперы — 15 млрд. рублёў доўгу, „Івацэвічдрэў” — 12 млрд., „Рэчыцадрэў” — 7 млрд., „ФанДОК” — 3 млрд., Светлагорскі ЦКК — 9, 4 млрд. рублёў.

„Ва ўнутраных спажыўцоў узніклі праблемныя пытанні. Калі за студзень—люты назіралася тэндэнцыя па павелічэнні аб’ёмаў спажывання драўніны, то цяпер запыты зніжаюцца. Праўда, дзевяць арганізацый канцэрна „Беллеспаперапрам” перададзеныя Банку развіцця, і яны трохі ажывіліся. Мы тыя аб’ёмы, якія не пастаўлялі у першым квартале, пачалі актыўна ім пастаўляць цяпер. Але ў цэлым хтосьці абмяжоўвае, хтосьці нарошчвае аб’ёмы. Пакуль спад і крызіс не назіраецца па ўсіх прадпрыемствах”, — адзначыў чыноўнік.

belapan.by