Мінпрам Беларусі выставіў на продаж акцыі 19 дзяржпрадпрыемстваў (абноўлена)
“Трэба яшчэ знайсьці тых, хто захоча купіць акцыі кепска працуючых прадпрыемстваў”, – так прыватызацыйныя планы беларускага Міністэрства прамысловасці пракаментаваў эканаміст Леанід Заіка. На сайце беларускага міністэрства з’явіўся спіс 19 прадпрыемстваў, акцыі якіх урад хоча сёлета прадаць. Дзяржава мае намер прадаць Гарадзенскі завод гандлёвага машынабудавання, баранавіцкае ААТ «Гандальмаш», Берасцейскі радыётэхнічны завод, Берасцейскі электрамеханічны завод, Баранавіцкі завод станкапрыладаў ды шэраг іншых прадпрыемстваў. Леанід Заіка негатыўна ацэньвае такі крок ураду:
– Што вы робіце? Вы бераце прадпрыемствы, якія пабудавалі вашыя дзеды, бацькі. Вы ўжо так накіравалі, што вырашылі іх прадаць. А якое вы маеце права? Вы ўсе прыйшлі пасля 1991 года. Вось тыя прадпрыемствы, якія вы стварылі, іх можаце прадаваць. Таму я лічу, што гэта несправядліва. Гэта паказвае, што калі грошы скончыліся, пачалі таргаваць калі не беларускім срэбрам, то беларускай уласнасцю, да якой гэтыя людзі не маюць ніякіх адносін.
У пераліку прадпрыемстваў апынуліся і яшчэ нядаўна паспяховыя, такія як ААТ «БАТЭ», ААТ «Гарызонт», ААТ «Гомсельмаш». Іх Міністэрства прамысловасці плануе прадаць толькі «стратэгічнаму інвестару» і пад канкрэтныя інвестыцыйныя праекты.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Міністэрства прамысловасці Беларусі размясціла на сваім сайце пералік гаспадарчых таварыстваў, якія належаць дзяржаве і акцыі якіх прапаноўваюцца да продажу ў 2017 годзе.
Усяго ў пераліку 19 прадпрыемстваў. У дачыненні да 16 з іх да продажу прапаноўваецца ўвесь пакет акцый, які належыць дзяржаве, гэта, у прыватнасці, Гарадзенскі завод гандлёвага машынабудавання, Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод, Менскі завод ацяпляльнага абсталявання, Віцебскі прыборабудаўнічы завод, Берасцейскі радыётэхнічны завод, Берасцейскі электрамеханічны завод, Гомельскі завод вымяральных прыбораў і іншыя прадпрыемствы.
У дачыненні да ААТ „Бабруйскі машынабудаўнічы завод” і ААТ „Баранавіцкі завод станкапрыладаў” гаворка ідзе аб продажы акцый асноўнаму акцыянеру па індывідуальным праекце нарматыўнага прававога акта кіраўніка дзяржавы з заключэннем інвестыцыйнага дагавора.
У пералік таксама ўключаны ААТ „БАТЭ” — кіруючая кампанія холдынгу „Аўтакампаненты”, ААТ „Кіруючая кампанія холдынгу „Гарызонт”, ААТ „Гомсельмаш”. Па гэтых прадпрыемствах мяркуецца продаж да кантрольнага пакета акцый стратэгічнаму інвестару пад канкрэтныя інвестпраекты па індывідуальным праекце нарматыўнага прававога акта кіраўніка дзяржавы з заключэннем інвестыцыйнага дагавора.