Мінпрам: У Расеі дзейнічаюць абмежаванні па продажы ў лізінг беларускай тэхнікі
На тэрыторыі Расеі існуюць абмежаванні, якія не дазваляюць беларускім экспарцёрам прадаваць сваю тэхніку ў лізінг, паведаміў намеснік міністра прамысловасці Аляксандр Агароднікаў, выступаючы 5 сакавіка ў Менску на канферэнцыі, арганізаванай у рамках візіту прадстаўнікоў расейскіх лізінгавых арганізацый.
Намеснік міністра прамысловасці звярнуў увагу, што ў Расеі тэхніка даецца ў лізінг аграпрамысловым прадпрыемствам „Расагралізінгам”.
„Расагралізінг”, напэўна, хацеў бы працаваць і з беларускай тэхнікай. Аднак у „Расагралізінга” існуюць пэўныя абмежаванні і пакуль кампанія можа займацца толькі той тэхнікай, якая сабрана на тэрыторыі Расеі”, — расказаў Агароднікаў.
Ён адзначыў, што на гэтую тэму мае месца „гарачая дыскусія” з Мінпрамгандлю Расеі.
„На наступным тыдні ў нас запланавана ў Маскве сумесная калегія Мінпрама Беларусі і Мінпрамгандлю Расеі”, — паведаміў Агароднікаў.
Намеснік міністра прамысловасці таксама паведаміў, што ў гэтым годзе двойчы ў Беларусі знаходзіўся гендырэктар „Расагралізінга”, які наведваў „Гомсельмаш” і Менскі трактарны завод.
„Па гэтых візітах было бачна, што разуменне пытанняў, якія хвалююць Беларусь, з расейскага боку існуе. Але крыху не хапае, каб гэты працэс ссунуўся і рухаўся ў станоўчым напрамку”, — адзначыў Агароднікаў.
Дэпутат расейскай Дзярждумы Яўген Шулепаў пацікавіўся ў намесніка міністра прамысловасці Беларусі, што менавіта трэба зрабіць для прадастаўлення беларускай тэхнікі ў лізінг расейскім аграрыям.
„У „Расагралізінга” дзейнічае ўнутранае палажэнне, якое вызначае, якую тэхніку кампанія дае ў лізінг. Там напісана, што гэта можа быць тэхніка толькі расейскіх вытворцаў”, — растлумачыў Аляксандр Агароднікаў.
Адпаведна, удакладніў намеснік міністра, каб „Расагралізінг” мог даваць у лізінг беларускую тэхніку, неабходна ўнесці змены ва ўнутранае палажэнне расейскай кампаніі.
belapan.by