Мінпрацы і сацабароны: За год колькасць беспрацоўных знізілася на 44%



На ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 сакавіка ў Беларусі знаходзіліся 23,9 тыся чалавек, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 44% менш, чым год таму (42,8 тысяч чалавек).

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 сакавіка 2018 года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 0,5%. Па рэгіёнах ён склаў: у Берасцейскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — па 0,7%, у Гарадзенскай — 0,6%, у Менскай — 0,5%, у Менску — 0,2%.

Наймальнікі на пачатак сакавіка заявілі звесткі пра наяўнасць 56,2 тысяч свабодных працоўных месцаў, на 39,9% больш, чым на 1 сакавіка мінулага года (40,2 тысяч). Попыт на работнікаў па рабочых прафесіях склаў 58,5% ад агульнай колькасці вакансій супраць 48,8% на 1 сакавіка 2017 года.

Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі на 1 сакавіка склаў 0,4 беспрацоўнага на адну вакансію (год таму — 1,1).

Пры гэтым у Віцебскай вобласці гэты паказчык склаў 0,8 беспрацоўнага на вакансію; у Берасцейскай — 0,7; у Гомельскай і Магілёўскай абласцях — 0,5; у Менскай — 0,4; у Гарадзенскай вобласці — 0,3; у Менску — 0,2 беспрацоўнага на вакансію.

У студзені—лютым бягучага года па садзеянне ў працаўладкаванні звярнулася 29,7 тысяч чалавек, з якіх пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных 22,3 тысяч чалавек.

На навучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, накіравана 778 чалавек. У аплатных грамадскіх работах пры садзейнічанні службы занятасці прынялі ўдзел 6,6 тысяч чалавек. На новае месца жыхарства і работы перасяліліся 12 сем’яў беспрацоўных.

БелаПАН