Мінпрацы: ІП не работнік
На індывідуальных прадпрымальнікаў нормы заканадаўства аб працы не распаўсюджваюцца, гаворыцца ў адказе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны на пытанне, з якім звярнулася ў ведамства грамадскае аб’яднанне прадпрымальнікаў „Перспектыва”.
Як паведаміла „Перспектыва”, аб’яднанне цікавілася, ці распаўсюджваецца на ІП, якія працуюць без наёмных асоб, агульны звод законаў аб працы і сацыяльнай абароне ў частцы гарантаванай дзяржавай нормы працягласці працоўнага часу, якая не можа перавышаць 40 гадзін у тыдзень (артыкул 112 Працоўнага кодэкса), і ці не парушае дамова арэнды такую гарантыю, пры ўстанаўленні ёй адказнасці ў выглядзе штрафных санкцый, „калі гэта цягне перавышэнне колькасці дадзеных нармаваных гадзін працы ІП на гандлёвым месцы за працоўны тыдзень”.
„Перспектыва” прасіла прапрацаваць і пытанне прадастаўлення ІП гарантаванага адпачынку, які таксама павінна ўлічваць дамова арэнды паміж уласнікам і арандатарам ІП, „хоць на практыцы гэтага нідзе няма”.
„Індывідуальны прадпрымальнік не з’яўляецца работнікам, не мае працоўных адносін з наймальнікам, і, такім чынам, нормы заканадаўства аб працы, уключаючы нормы аб працоўным часе, часе адпачынку, працоўных адпачынках, на яго не распаўсюджваюцца”, — гаворыцца ў адказе ведамства.
„Перспектыва” ўпэўненая, што „гэта прабел у заканадаўстве і індывідуальны прадпрымальнік павінен мець такія ж правы, як і ўсе грамадзяне краіны ў частцы працоўнага заканадаўства”.
„Індывідуальныя прадпрымальнікі аказаліся абмежаваныя ў сваіх правах на працу і адпачынак, калі заключаныя дамовы арэнды не прадугледжваюць такіх рэчаў, прымушаючы працаваць некаторых ІП па 56—70 гадзін у тыдзень і без адпачынку, а калі не выконваеш умовы дамовы, то гэта штраф або пазбаўленне гандлёвага месца”, — адзначылі ў аб’яднанні прадпрымальнікаў.
У сувязі з такім адказам Мінпрацы „Перспектыва” мае намер падняць пытанне „на новым узроўні”.