Мінпрацы расказала аб бонусах адкладзенага выхаду на пенсію
Намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў у эфіры тэлеканала АНТ распавёў, якія бонусы атрымае работнік за адкладзены выхад на пенсію, паведамляе БЕЛТА.
Па словах Валерыя Кавалькова, заканадаўча прадугледжана магчымасць адмовіцца ад атрымання пенсіі на перыяд працы. У такім выпадку яе памер за кожныя два месяцы павялічваецца на 1% заробку, прынятага для вылічэння. У прыклад ён прывёў пенсійныя выплаты для мужчыны з 30 гадамі працоўнага стажу і сярэдняй па краіне заработнай платай. У стандартнай сітуацыі памер пенсіі складае 368 рублёў, а калі на 5 гадоў адмовіцца ад выплат – 706.
Намеснік міністра нагадаў, што з 1 студзеня яшчэ на паўгода павялічыўся пенсійны ўзрост, ён склаў 62 гады для мужчын, і 57 гадоў – для жанчын. Абавязковай умовай для прызначэння пенсіі па ўзросце з’яўляецца наяўнасць страхавога стажу (з выплатай унёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва) не менш за 17,5 гадоў.
Для асобных катэгорый грамадзянаў (шматдзетныя маці, дзеці-інваліды, бацькі дзяцей-інвалідаў і іншыя) страхавы стаж складае 5 гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя