Мінсельгасхарч: Беларускім прадпрыемствам трэба дыверсіфікаваць экспарт
Беларускім кампаніям трэба пашыраць геаграфію свайго экспарту. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло, выступаючы 10 ліпеня на семінары-канферэнцыі, арганізаваным у Менску Нацыянальным цэнтрам маркетынгу.
Намеснік міністра адзначыў, што ў асноўным айчынная сельгаспрадукцыя прадаецца на расійскім рынку, але кан’юнктура на гэтым рынку можа мяняцца.
„У 2017 годзе на расійскі рынак прыпадала 90,3% беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі, у студзені-маі 2018 года — 82,7%. Відаць, што тэндэнцыя зніжэння экспарту магчымая”, — адзначыў Брыло.
У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на санкцыі Рассельгаснагляду ў дачыненні да беларускіх кампаній, якія прыводзяць да скарачэння прысутнасці айчыннай сельскагаспадарчай прадукцыі на рынку РФ.
„Меры з боку Рассельгаснагляду далі нагоду задумацца, і трэба шукаць патэнцыйныя новыя рынкі збыту для беларускай прадукцыі”, — лічыць Брыло.
Пасол Беларусі ў Германіі Дзяніс Сідарэнка адзначыў, што беларускія вытворцы ўжо прадаюць у ЕЗ гародніну, ягады, грыбы, хлеб.
„Шкадаванне выклікае той факт, што на рынак Германіі амаль не пастаўляецца мясная і малочная беларуская прадукцыя. Прычына гэтага — тарыфныя і нетарыфныя бар’еры, якія прымяняюцца Еўразвязам”, — заявіў Сідарэнка.
На яго думку, малаверагодна, што найбліжэйшым часам удасца знізіць мытныя пошліны на беларускую прадукцыю, бо краіна не ўваходзіць у ЕЗ.
„Акцэнт, на наш погляд, варта зрабіць на сертыфікацыі беларускай прадукцыі. Зразумела, што гэты працэс працяглы і затратны. Аднак, калі складзецца кан’юнктура, калі не будзе сертыфікатаў, мы не зможам аператыўна паставіць сваю прадукцыю на еўрапейскі рынак”, — падкрэсліў дыпламат.
Паводле яго слоў, спажывецкі рынак Германіі размеркаваны паміж гандлёвымі сеткамі, і ўвайсці ў гэтыя сеткі беларускім кампаніям вельмі цяжка.
„Стартавай пляцоўкай можа стаць сетка рускіх магазінаў у Германіі. Там спецыфічная кліентура, якая зацікаўлена ў тых таварах, якія мы вырабляем”, — лічыць Сідарэнка.
belapan.by