Мінсельгасхарч назваў прычыны забароны на вываз з Беларусі пшаніцы, грэчкі, кукурузы і іншых злакаў
Забарона на вываз з Беларусі пшаніцы, грэчкі, кукурузы і іншых злакаў прынятая з мэтай забеспячэння грамадскай жывёлагадоўлі зерневымі кармамі на вяснова-летні перыяд, паведамілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, каментуючы рашэнне ўрада.
„Для эфектыўнага і стабільнага развіцця жывёлагадоўлі кармавая база павінна забяспечваць паўнавартаснае кармленне жывёл, падтрымліваць неабходную структуру рацыёну. Асноўным рэзервам для нарошчвання вытворчасці прадукцыі з’яўляецца паляпшэнне кармлення жывёлы. У сувязі з гэтым мэтазгодна наяўныя запасы зернефуражу накіраваць на патрэбы жывёлагадоўлі, што дасць магчымасць павысіць паказчыкі прадукцыйнасці жывёлы, забяспечыць запланаваныя аб’ёмы вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і нарасціць аб’ёмы перапрацоўкі мяса-малочнай прадукцыі з дададзеным коштам для яе рэалізацыі на экспарт”, — адзначылі ў Мінсельгасхарчы.
Там нагадалі, што ў 2021 годзе ў жывёлагадоўлі плануецца павялічыць вытворчасць прадукцыі, у тым ліку малака — на 3,7%, жывёлы і птушкі — на 2%.
Пастанова Савета міністраў ад 14 красавіка № 221 часова ўвяла забарону на вываз з Беларусі пшаніцы, грэчкі, кукурузы, мясліну (сумесь жыта і пшаніцы), жыта, ячменю, аўсу, проса, трыцікале і іншых злакаў.
Забарона на вываз гэтых тавараў за межы Беларусі ў краіны ЕАЭС будзе дзейнічаць незалежна ад краіны паходжання тавараў, а таксама за межы ЕАЭС пры іх змяшчэнні пад мытныя працэдуры экспарту, часовага вывазу, перапрацоўкі па-за мытнай тэрыторыі і рээкспарту. Забарона не распаўсюджваецца на злакі ў выпадку іх вывазу для аказання міжнароднай гуманітарнай дапамогі паводле рашэння ўрада, а таксама ў якасці прыпасаў і перамяшчэння ў межах міжнародных транзітных перавозак.
Асноўныя палажэнні пастановы набываюць моц пасля яго афіцыйнага апублікавання і дзейнічаюць на працягу трох месяцаў.
Летась дзейнічала забарона на вываз з Беларусі грэчкі, часнаку і рэпчатай цыбулі. Тады забарону растлумачылі неабходнасцю аховы ўнутранага спажывецкага рынку.