Рост паставак малочнай прадукцыі на рынкі Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі
Беларускія вытворцы малочных прадуктаў маюць намер нарошчваць пастаўкі малочнай прадукцыі на рынкі Азіі, Блізкага Усходу і Афрыкі, заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў на экспартным форуме „Беларусь малочная” 17 красавіка ў Менску.
Паводле яго слоў, прыярытэтнымі рынкамі для дыверсіфікацыі паставак у першую чаргу з’яўляюцца краіны СНД (без Расіі) і Грузія, дзяржавы рэгіёну Персідскага заліва і Азіі, затым — Афрыкі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі.
Па выніках 2018 года Беларусь, адзначыў Багданаў, захавала чацвёртую пазіцыю ў спісе найбуйнейшых экспарцёраў малочнай прадукцыі, „прычым па масле краіна заняла трэці радок сусветнага рынку, па малаку — пяты”. „Найбольш экспартна арыентаванымі з’яўляюцца сыры — 35% у агульным аб’ёме экспарту малочнай прадукцыі”, — адзначыў Багданаў.
У мінулым годзе беларускія вытворцы пастаўлялі тавары ў 58 краін. „Пералік краін папоўніўся васямнаццаццю новымі, такімі як Бангладэш, Іран, Ірак, Ліван, Пакістан, Марока, Камерун і іншыя. Пры гэтым 94% экспарту фарміруюць пастаўкі ў іншыя краіны СНД. У мінулым годзе экспарт у гэтым напрамку ў параўнанні з 2017 годам скараціўся на чатыры працэнтныя пункты за кошт скарачэння паставак на рынак Расіі, склаўшы 1,7 млрд долараў „, — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.
Экспарт малочнай прадукцыі ў мінулым годзе склаў 2 млрд долараў, што на 6% ніжэй, чым у 2017 годзе. Аднак, паводле слоў Багданава, у натуральным выражэнні зафіксаваны рост.
Аб’ём паставак беларускай малочнай прадукцыі ў краіны далёкага замежжа ў мінулым годзе вырас практычна ў тры разы і склаў каля 120 млн долараў, ці 6% у агульным аб’ёме малочнага экспарту. „У вартасным выражэнні экспарт у краіны Азіі вырас у 2,7 разу, Афрыкі — у 7 разоў, Амерыкі — у 8 разоў, ЕЗ, самага складанага рынку з пункту гледжання атрымання доступу, — у 2,4 разу”, — пералічыў начальнік упраўлення.
Паводле слоў Багданава, сухое малако ў мінулым годзе пастаўлялася ў В’етнам, Кітай, Манголію, Саудаўскую Аравію. Больш за 50% гэтага аб’ёму паставак прыпала на КНР.
Сухая малочная сыроватка экспартавалася ў Гану, Егіпет, Нігерыю і Пакістан.
„Пачатак года для экспарту беларускай сельгаспрадукцыі ў цэлым склаўся станоўча. Мы ідзём з дынамікай плюс 8,5% за два месяцы гэтага года, нагандлявалі на суму большую за 830 млн долараў, — падкрэсліў Багданаў. — У тым ліку экспарт малака і малочнай прадукцыі склаў 682 тыс. тон — на 353 млн долараў. Рост адпаведна на 17% і 12,8% да аналагічнага перыяду мінулага года”.
belapan.by