Мінтранс пра маршруткі: Ёсць закон, які трэба выконваць



Савет па развіцці прадпрымальніцтва на пасяджэнні 22 сакавіка абмеркаваў сітуацыю ў сферы пасажырскіх перавозак маршрутнымі мікрааўтобусамі ў рэгулярных і нерэгулярных зносінах. Як паведамляе прэс-служба савета, былі запрошаныя кіраўнікі і ўласнікі транспартных кампаній, што ажыццяўляюць перавозку пасажыраў, а таксама прадстаўнікі Мінтранса.

„Пазіцыя ў міністэрства адна: ёсць закон, які трэба выконваць. Калі перавозчык хоча працаваць на рэгулярных перавозках, ён павінен выканаць усе працэдуры, прадугледжаныя заканадаўствам. Для нерэгулярных перавозак сёння нават не патрабуецца ліцэнзія, неабходнае толькі апавяшчэнне мясцовых органаў улады”, — заявіў намеснік міністра транспарту і камунікацый Аляксандр Шышко.

Пра тое, што сітуацыя ў сферы перавозак паступова нармалізуецца, паведаміла намеснік дырэктара транспартнага прадпрыемства „ГЛЦ” Кацярына Станкевіч. „Закон працуе, шмат пададзена заяў на даванне права выканання перавозак у рэгулярных зносінах. Шмат заяў разгледжана”, — сказала яна.

У той жа час прадстаўнікі суб’ектаў, занятых у сферы нерэгулярных перавозак, заявілі пра наяўнасць цэлага шэрагу пытанняў, без вырашэння якіх праблематычная далейшая дзейнасць. У прыватнасці, выклікае асцярогі працэдура ўдзелу ў конкурсе, незразумела, як будзе фармавацца расклад маршрутаў ва ўмовах некалькіх дыспетчарскіх службаў.

„Выслухаўшы пазіцыі ўсіх бакоў, саветам было прынятае рашэнне аб стварэнні рабочай групы па разглядзе праблемных пытанняў і выпрацоўцы канкрэтных прапаноў адносна ўмоў, якія забяспечваюць камфортныя ўмовы для дзейнасці і далейшага развіцця сферы транспартных перавозак. Яе ўзначаліла член Савета па развіцці прадпрымальніцтва Жанна Тарасевіч. Прапановы павінны быць накіраваныя на адрас урада да 25 красавіка”, — заявілі ў прэс-службе.

Міністэрства транспарту і камунікацый паведаміла, што на 19 сакавіка ад перавозчыкаў, якія раней выконвалі аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у нерэгулярных зносінах, на адрас мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і аператараў аўтамабільных перавозак пасажыраў паступілі 150 заяў „на даванне часовага права (да правядзення конкурсаў па пэўных маршрутах) на выкананне міжгародніх перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах па 102 маршрутах”.

На падставе 34 заяў ужо заключаныя дагаворы, паводле якіх 151 транспартны сродак можа працаваць на 21 маршруце. Як сцвярджаюць у ведамстве, большасць напрамкаў, якія закрывалі маршруткі, ўжо запрацавалі. Пры гэтым многія нерэгулярныя перавозчыкі сталі заключаць дагаворы, каб працаваць у межах рэгулярных зносін. Гэтага патрабуе абноўлены закон аб аўтатранспарце, які замацаваў адзіны для ўсіх парадак ажыццяўлення міжгародніх перавозак.

Змены ў закон „Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках” ўвайшлі ў сілу 26 лютага. Цяпер прыватныя перавозчыкі абавязаныя заключаць дагаворы з дзяржаўным аператарам на ажыццяўленне рэгулярных рэйсаў. Каб абслугоўваць маршруты, яны павінны ўдзельнічаць у конкурсах, плаціць перонныя зборы, усталёўваць сістэмы навігацыі і выконваць шэраг іншых умоў. Улады тлумачаць неабходнасць новаўвядзенняў у першую чаргу клопатам пра бяспеку пасажыраў.

Прыватныя перавозчыкі адрэагавалі на новаўвядзенне па-рознаму. Некаторыя адмянілі рэйсы і накіравалі кіраўніку Мінтранса Анатолю Сіваку калектыўны зварот за подпісам 200 чалавек, у якім прасілі растлумачыць, як ім далей працаваць. Дзеянні ўладаў перавозчыкі расцанілі як спробу манапалізаваць рынак. Яны прагназуюць з’яўленне шэрых перавозчыкаў і істотнае падаражанне паслуг. Іншая частка прыватных перавозчыкаў новаўвядзенні падтрымліваюць, абвінавачваючы сваіх апанентаў у несумленнай канкурэнцыі і парушэнні заканадаўства.

belapan.by

Фота belnaviny.by