Мінтранс прапаноўвае Нарвегіі адкрыць прамыя авіязносіны з Беларуссю



Беларусь прапаноўвае Нарвегіі адкрыць прамыя авіязносіны паміж дзвюма дзяржавамі і перайсці на бездазвольную сістэму аўтаперавозак. Пра гэта было заяўлена на сустрэчы міністраў транспарту Аляксея Аўраменкі і Джона Георга Дале, якая адбылася падчас візіту дэлегацыі беларускіх транспартнікаў у Нарвегію 11—12 снежня.

Гэтая сустрэча з’яўляецца першай афіцыйнай паміж міністрамі транспарту дзвюх краін за 23 гады, падкрэслілі ў прэс-службе Мінтранса Беларусі.

Беларуская дэлегацыя адзначыла, што для ажыццяўлення аўтамабільных перавозак паміж краінамі створаны спрыяльныя ўмовы. Разам з тым Мінтранс Беларусі прапанаваў разгледзець магчымасць ажыццяўлення аўтамабільных перавозак па бездазвольнай сістэме.

Акрамя гэтага, беларускія транспартнікі прапанавалі развіваць супрацоўніцтва ў сферы электратранспарту і арганізаваць сустрэчу з нарвежскімі партнёрамі, якія займаюцца гэтым кірункам.

Міністры абмеркавалі супрацоўніцтва ў сферы авіяцыі. „Цяпер рэгулярныя паветраныя зносіны з Нарвегіяй адсутнічаюць. У сувязі з гэтым прапаноўваем разгледзець магчымасць ажыццяўлення нарвежскім перавозчыкам рэйсаў як у Нацыянальны аэрапорт Менск, так і ў рэгіянальныя аэрапорты”, — адзначыў Аўраменка.

Абмяркоўвалася таксама ўзаемадзеянне ў рамках партнёрства „Паўночнага вымярэння” ў галіне транспарту і лагістыкі (ППВТЛ) з улікам таго, што ў 2020 годзе старшынства ў кіруючым камітэце ППВТЛ пераходзіць да Беларусі.

Падчас паездкі адбыліся сустрэчы дэлегацыі Мінтранса з кіраўніцтвам Дзяржаўнай дарожнай адміністрацыі Нарвегіі, кампаніяй „Новыя дарогі” і асацыяцыяй падрадчыкаў Нарвегіі.

belapan.by