Мінтранс прапануе ператварыць менскі аэрапорт у міжнародны хаб



Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі прапаноўвае стварыць на базе нацыянальнага аэрапорта Менск міжнародны грузавы хаб у межах ініцыятывы Кітая „Адзін пояс, адзін шлях”, паведаміў першы намеснік міністра Аляксей Ляхновіч 29 красавіка ў Менску на канферэнцыі Групы падтрымкі Шаўковага шляху Парламенцкай асамблеі АБСЕ.

„Стварэнне хаба дазволіла б апрацоўваць грузы і дастаўляць іх паветранымі суднамі”, — адзначыў прадстаўнік міністэрства. Ляхновіч падкрэсліў, што такі праект прапануецца рэалізаваць з улікам развіцця транспартна-лагістычных паслуг у кітайска-беларускім індустрыяльным парку „Вялікі камень”.

Паводле яго слоў, Беларусь падтрымлівае ініцыятыву КНР па стварэнні лічбавага вымярэння новага Шаўковага шляху. „Неабходна наладзіць аўтаматызацыю працэсаў пры праходжанні грузаў у апорных тэрміналах, сінхранізаваць дзеянні краін па рэканструкцыі інфраструктуры ў пунктах пропуску грузаў”, — дадаў першы намеснік міністра.

Ляхновіч адзначыў, што цераз тэрыторыю Беларусі значна павялічыўся паток тавараў паміж Кітаем і Еўропай, што перамяшчаюцца чыгуначным транспартам. Па чыгунцы ў 2018 годзе прайшлі прыблізна 75 млн тон такіх грузаў. Паводле слоў прадстаўніка Мінтранса, арганізацыя руху кантэйнерных цягнікоў дала магчымасць амаль у чатыры разы паскорыць шлях тавараў з Азіі ў ЕС у параўнанні з традыцыйнымі марскімі маршрутамі.

Праведзеная за апошнія гады электрыфікацыя чыгуначных зносін у краіне дазваляе забяспечваць высокую хуткасць перамяшчэння кантэйнераў — 1,1 тыс. кіламетраў у суткі. „Нас больш бянтэжыць хуткасць, якая зараз прысутнічае ў Еўропе. З Польшчы ў Нідэрланды грузавы састаў ідзе з хуткасцю 690 кіламетраў у суткі, гэта значыць амаль у два разы больш павольна, з-за таго, што яны прапускаюць пасажырскія цягнікі. І гэта часам прыводзіць да затрымкі грузаў, якія ідуць у заходнееўрапейскім кірунку. Мы гэта вельмі моцна адчуваем, калі цягнікі працягваюць шлях па тэрыторыі Польшчы”, — падкрэсліў Ляхновіч.

У сувязі з гэтым, дадаў ён, беларускі і польскі бакі маюць намер вырашаць пытанне павелічэння хуткасці праходжання кітайскіх грузаў у Еўропу.

belapan.by