Мінтранс: Знос парку дарожна-будаўнічай тэхнікі складае каля 90%
Стан дарожна-будаўнічай тэхнікі, якая выкарыстоўваецца ў Беларусі для дарожна-будаўнічых работ, з’яўляецца вялікай праблемай. Пра гэта паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення аўтадарог Міністэрства транспарту і камунікацый Аляксандр Галаўнёў 16 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Менску.
„Мы ацэньваем, што яе знос складае больш за 90%. І таму мы не маглі абысці бокам гэтую тэму”, — адзначыў Галаўнёў.
Паводле яго слоў, дадзеная праблема ўзнімалася на нарадах з удзелам кіраўніка дзяржавы. На абнаўленне парку дарожна-будаўнічай тэхнікі Мінтранс прапаноўвае накіраваць 10% сродкаў інавацыйных фондаў аблвыканкамаў. „У прынцыпе гэты падыход прэзідэнтам прынцыпова ухвалены”, — сказаў Галаўнёў.
Акрамя таго, разглядаецца магчымасць адрадзіць заканадаўчую норму аб выдзяленні да 10% сродкаў дарожнага фонду.
„Калі мы гаварылі пра развіццё беларускай прамысловасці ў частцы выпуску дарожнай тэхнікі, мы не абмяжоўваліся толькі трыма гадамі дзяржпраграмы па развіцці і змесце аўтамабільных дарог у Беларусі на 2017—2020 гады. Таму пакуль нам давядзецца казаць аб набыцці імпартнай тэхнікі для рэалізацыі гэтай праграмы. Але паралельна мы будзем весці працу па імпартазамяшчэнні — стварэнні лінейкі айчынных машын, якія дазволяць у будучыні адмовіцца ад набыцця дарагога абсталявання”, — растлумачыў ён.
6 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка паставіў перад прамыслоўцамі задачу пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын. „Няхай пачынаюць. У нас велізарная сетка дарог, яе трэба прыводзіць у парадак. Калі мы будзем увесь час купляць імпартныя машыны, навошта тады наша аўтамабілебудаванне?” — адзначыў Лукашэнка.
У найбліжэйшыя гады ў Беларусі плануецца мадэрнізаваць 7 тыс. км дарог мясцовага прызначэння. Пры гэтым будуць прымяняцца новыя тэхналогіі, дарожнікі будуць мець патрэбу ў новай тэхніцы. У сувязі з гэтым Лукашэнка даручыў беларускім прамысловым прадпрыемствам пашырыць лінейку дарожна-будаўнічых машын, якія будуць выкарыстоўвацца пры ўладкаванні мясцовых дарог сучаснымі і найбольш тэхналагічнымі спосабамі. Прычым гэта павінна быць тэхніка заўтрашняга дня, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. „Каб з наступнага года пачалі працаваць па ўсіх гэтых тэхналогіях, не проста паказалі і забыліся”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён заўважыў, што, калі беларускія вытворцы не могуць стварыць патрэбную тэхніку па аналагу замежнай, можна прыстасаваць ўжо існуючыя мадэлі да выканання пастаўленых задач. „Але каб мы гэта рабілі”, — даручыў ён.
Было вырашана, што Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства прамысловасці распрацуюць праграму па вытворчасці на беларускіх прадпрыемствах новых відаў дарожна-будаўнічай тэхнікі і выпуску традыцыйных мадэляў.
belapan.by