Мінздароўя прыпыніла працу сеткі аптэк у Гародні і Лідзе



Міністэрства аховы здароўя прыпыніла працу сеткі аптэк у Гародні і Лідзе пасля таго, як праверкі з Камітэта дзяржаўнага кантролю знайшлі там занадта высокія цэны на лекі. 

Іншай сетцы аптэк тым часам дазволілі вярнуцца да працы. Яе закрывалі за „парушэнні заканадаўства ў сферы фармацэўтычнай дзейнасці” на перыяд з 22 сакавіка да 5 красавіка. За гэты час фармацэўты знізілі гандлёвыя надбаўкі на ўсе лекі на 1,5 – 8 працэнтаў. Цяпер праверкі ідуць у аптэках Берасцейскай вобласці.

У сакавіку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад старшыні КДК Васіля Герасімава ўзмацніць кантроль над цэнаўтварэннем у аптэках. „Самым жорсткім чынам трэба спыняць людзей. Мы павінны бачыць і аптавікоў, і розніцу. Але самае галоўнае — лекі. Мы не павінны дазволіць гэтым рознага роду ачумелым нажывацца на бедах людзей”, — казаў Лукашэнка.

Беларускае Радыё Рацыя