Місія МАГАТЭ станоўча ацаніла бяспеку БелАЭС



Місія Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) станоўча ацаніла бяспеку Беларускай АЭС. Пра гэта было заяўлена 14 кастрычніка на брыфінгу ў Менску. Місія МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы рэгулюючай інфраструктуры ў галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі (IRRS-місія) працавала ў Беларусі 2—14 кастрычніка.

Беларуская АЭС

Як паведаміў журналістам кіраўнік місіі, генеральны дырэктар Фінскага агенцтва па ядзернай бяспецы (STUK) Петэры Цііпана, на працягу двух тыдняў эксперты ўсебакова вывучалі розныя аспекты рэгулюючай дзейнасці, узялі інтэрв’ю ў прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, паднаглядных арганізацый, пабывалі на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС і іншых аб’ектах. Паводле яго слоў, у ходзе місіі былі выяўлены дзве станоўчыя сістэмы дзейнасці, якія могуць служыць прыкладамі для іншых краін, і зроблены шэраг прапаноў і рэкамендацый у тых галінах, якія „ўсё яшчэ патрабуюць паляпшэння”. Сярод станоўчых прыкладаў кіраўнік місіі назваў „моцныя і эфектыўныя механізмы каардынацыі дзейнасці”, створаныя пры дапамозе міжведамаснай камісіі па каардынацыі асноўных мерапрыемстваў па ўзвядзенні Беларускай АЭС і кантролі за яго выкананнем і міжміністэрскай рабочай групы па каардынацыі нагляду за будаваннем Беларускай АЭС. Ён таксама назваў станоўчымі падыходы беларускага боку да кіравання кадрамі дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС і перадачу „здаровай арганізацыйнай культуры” маладым спецыялістам. Фундаментальнымі пытаннямі эксперт лічыць „пастаяннае ўдасканаленне кадравых рэсурсаў, імкненне да адпаведнасці рэгулятыўных норм па эксплуатацыі АЭС стандартам МАГАТЭ, гатоўнасць да рэагавання ў надзвычайных сітуацыях”. „Я хачу адзначыць, што нарматыўныя патрабаванні трэба абнаўляць і дапрацоўваць, каб рэгулюючы орган і эксплуатуючая кампанія былі гатовыя да рэагавання ў складаных сітуацыях, — сказаў кіраўнік місіі. — Дзяржатамнагляду неабходна зрабіць усе захады для завяршэння працы па ўдасканаленні сістэмы кіравання. Гэта дапаможа ім працаваць найбольш эфектыўна і плённа, а таксама дасць ім магчымасць ажыццяўляць сваю дзейнасць у рамках інтэграванага падыходу да ўліку рызыкаў”. „Наперадзе яшчэ шмат працы, і да гэтага трэба быць гатовым. Намі выдзелена вельмі шмат кірункаў, якія ўжо адбываюцца ў краіне. Я спадзяюся, што наша місія будзе садзейнічаць таму, каб усе дзяржструктуры і рэгулюючыя органы, якія задзейнічаны ў праекце па запуску атамнай станцыі, удзельнічалі ва ўдасканаленні гэтай працы і правялі яе найбольш паспяховым чынам”, — рэзюмаваў Цііпана. Рэгулюючай структурай у галіне ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі з’яўляецца МНС. Як заявіў на брыфінгу міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка, высновы місіі МАГАТЭ дапамогуць зняць занепакоенасць Літвы з нагоды бяспекі Беларускай АЭС.

„У першую чаргу высновы і ацэнка місіі патрэбныя менавіта нам. Але я ўпэўнены, што і нашым суседзям, асабліва Літве, гэта дапаможа зняць занепакоенасць па пытаннях бяспекі беларускай атамнай станцыі. Высновы місіі кажуць, што ў краіне створаны надзейны рэгулюючы орган. Усе рэкамендацыі і заўвагі, як я запэўніў кіраўніка місіі і ўсіх міжнародных экспертаў, будуць прынятыя да няўхільнага выканання”, — сказаў Вашчанка, дадаўшы, што МНС будзе і ў далейшым цесна ўзаемадзейнічаць з МАГАТЭ.

На ўдакладняючае пытанне БелаПАН, ці будуць высланы дакументы з высновамі місіі ў Літву, Вашчанка адказаў: „Меркаванні місіі будуць апублікаваныя і выкладзеныя ў адкрытым фармаце для ўсіх. З дазволу місіі можам выслаць высновы ўсім зацікаўленым. Мы таксама будзем публікаваць вынікі выканання ўсіх 25 рэкамендацый. У гэтым мы пацвярджаем сваю адкрытасць на любым узроўні”.

Дакументальнай асновай ацэнкі місіі стала краінавая справаздача аб самаацэнцы, раней адпраўленая Беларуссю ў МАГАТЭ. Паводле слоў Вашчанкі, самаацэнка „шмат у чым супала з высновамі і рэкамендацыямі міжнародных экспертаў”. „Мы намецілі планы і шляхі вырашэння пытанняў развіцця рэгулюючай інфраструктуры. Супадзенне з высновамі місіі сведчыць пра нашы агульныя падыходы да разумення стандартаў МАГАТЭ і шляхоў іх дасягнення”, — сказаў кіраўнік МНС.

Вашчанка нагадаў, што перад прыняццем рашэння аб будаўніцтве Беларускай АЭС Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу, каб яна была самай бяспечнай. „Іншых падыходаў, чым арганізацыя бяспекі, няма і быць не можа”, — падкрэсліў міністр.

belapan.by