Міжнародныя эксперты праверылі другі блок атамнай станцыі ў Астраўцы
Эксперты маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі, завяршылі місію тэхнічнай падтрымкі па ацэнцы эксплуатацыйнай гатовасці другога энергаблока Астравецкай АЭС.
У відэакаментары, размешчаным у youtube-канале Астравецкай АЭС, кіраўнік каманды экспертаў Дзмітрый Чычыкін заявіў, што ацэнка вялася «па дзевяці вытворчых абласцях», за час місіі быў праведзены „глыбокі аналіз бягучага стану гатовасці энергаблока № 2 для маючай адбыцца загрузкі паліва і наступнага ўключэння ў электраэнергетычную сетку Рэспублікі Беларусь».
Ён адзначыў, што місія не з’яўлялася абавязковай, адміністрацыя атамнай станцыі пайшла на яе добраахвотна.
У складзе місіі акрамя прадстаўнікоў рэгіянальнага цэнтра арганізацыі працавалі спецыялісты дзеючых атамных станцый Расеі, Балгарыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў і Турцыі.
Па выніках праверкі прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што эксперты «не выявілі якіх-небудзь недахопаў, якія маглі б стаць перашкодай для бяспечнага пуску першага энергаблока Астравецкай атамнай электрастанцыі».
Нагадаем, электраэнергію з Астравецкай АЭС дамаўляюцца не купляць у прыватнасці краіны Балтыі, а галоўным праціўнікам працы атамнай станцыі ў Астраўцы выступае суседняя Літва.
Беларускае Радыё Рацыя