Moody’s пацвердзіла суверэнны рэйтынг Беларусі



Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s Investors Service (Moody’s) пацвердзіла доўгатэрміновы крэдытны рэйтынг Беларусі ў нацыянальнай і замежнай валюце на ўзроўні В3. Прагноз рэйтынгу застаецца стабільны, гаворыцца ў паведамленні агенцтва.

Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва адзначаюць, што ў Беларусі з 2015 года назіраецца прыкметнае паляпшэнне эфектыўнасці грашова-крэдытнай палітыкі.

„Намаганні па ўмацаванні грашова-крэдытнай палітыкі, у тым ліку працяг пераходу да рэжыму таргетавання інфляцыі, і ўмацаванне незалежнасці Нацбанка спрыялі зніжэнню інфляцыі. Акрамя таго, фінансавая стабільнасць у апошнія гады падтрымлівалася рашэннем цэнтральнага банка вызначаць сістэмна значныя банкі і прад’яўляць ім больш высокія патрабаванні да капіталу”, — адзначаюць аналітыкі Moody’s.

Узважаная бюджэтна-падатковая палітыка, лічаць эксперты, дала магчымасць Беларусі ў апошнія гады знізіць адносны (у дачыненні да ВУП) узровень дзярждоўгу.

У той жа час аналітыкі Moody’s адзначаюць шэраг негатыўных момантаў, характэрных для Беларусі. У прыватнасці, звяртаюць увагу, што, на думку Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, нядаўнія парламенцкія выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным дэмакратычным стандартам.

Адпаведна, з прычыны такой сітуацыі ў беларускага грамадства абмежаваныя магчымасці ўплываць на распрацоўку палітыкі, якая праводзіцца ў Беларусі, лічаць аналітыкі Moody’s.

Акрамя таго, яны звяртаюць увагу на шэраг эканамічных праблем. На думку экспертаў, „актыўны ўдзел дзяржавы ў эканоміцы праз дзяржпрадпрыемствы перашкаджае росту прадукцыйнасці”.

„Нядаўнія меры ўрада па зніжэнні перакосаў у эканоміцы (у прыватнасці, скарачэнне фінансавай падтрымкі дзяржпрадпрыемствам) будуць мець абмежаваныя наступствы, калі не будуць суправаджацца больш маштабнымі мерамі па павышэнні эфектыўнасці і кіраванні дзяржсектарам”, — прыйшлі да высновы аналітыкі Moody’s.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, каля 13% сектара ДП з’яўляюцца стратнымі, адзначаюць яны.

„Эканоміка Беларусі па-ранейшаму моцна залежыць ад Расіі, яе найбуйнейшага гандлёвага партнёра і крыніцы амаль усяго імпарту энерганосьбітаў. Паступовае павышэнне цэн на імпарт нафты <…> памяншае важныя субсідыі для Беларусі, стварае праблему для нафтахімічнага сектара краіны і яе эканамічнай мадэлі”, — мяркуюць эксперты.

Згодна з прагнозам Moody’s, у найбліжэйшыя два гады эканамічны рост у Беларусі застанецца слабым. „Патэнцыял росту Беларусі па-ранейшаму абмежаваны з прычыны неспрыяльнай дэмаграфічнай сітуацыі, улічваючы прагназаванае скарачэнне насельніцтва ў працаздольным узросце”, — адзначае рэйтынгавае агенцтва.

belapan.by