Moody’s: Рэцэсія ў Беларусі працягнецца трэці год запар
Па выніках 2017 года Беларусь застанецца ў рэцэсіі, прагназуе міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Moody’s.
На думку агенцтва, пастаянная знешняя ўразлівасць стрымлівае крэдытаздольнасць урада, пра што сведчаць яго нізкія валютныя актывы і залежнасць ад знешняй фінансавай падтрымкі.
Пры гэтым рэйтынгавае агенцтва лічыць, што ў Беларусі дзякуючы нядаўняму размяшчэнню еўрабондаў не будзе праблем з пагашэннем знешняй дзяржпазыкі ў найбліжэйшыя паўтара года.
„Беларусь блізкая да забеспячэння дастатковага знешняга фінансавання, што дазволіць краіне рэфінансаваць або пагасіць наступныя абавязацельствы ў замежнай валюце на працягу наступных 18 месяцаў”, — лічыць старэйшы віцэ-прэзідэнт Moody’s Крысцін Ліндау.
Аналітыкі Moody’s таксама звяртаюць увагу, што Беларусь ўрэгулявала нафтагазавую спрэчку з Расіяй і атрымала ад яе фінансавую падтрымку.
„Адпаведна, мы больш не чакаем, што Беларусь будзе шукаць магчымасць заключыць новую праграму з МВФ”, — адзначаюць аналітыкі агенцтва.
Пры гэтым яны лічаць, што знешняя ліквіднасць Беларусі застаецца слабой і з-за буйнога дзяржаўнага сектара існуюць значныя ўмоўныя абавязацельствы.
„Moody’s таксама чакае, што ВУП Беларусі будзе скарачацца ў 2017-м ужо трэці год запар, хоць і значна слабейшы, чым раней. Запаволенне рэцэсіі стане следствам аднаўлення вытворчасці і экспарту нафтапрадуктаў, а таксама аднаўлення эканомікі Расіі, якая з’яўляецца асноўным гандлёвым партнёрам Беларусі”, — прагназуе міжнароднае рэйтынгавае агенцтва.
У сваю чаргу беларускія ўлады лічаць, што эканоміка ўжо выйшла з рэцэсіі і паступова тэмпы эканамічнага росту будуць паскарацца. Па выніках студзеня—мая ВУП павялічыўся на 0,9%, і ўрад чакае, што ў 2017 годзе эканоміка вырасце, як і мяркуе афіцыйны прагноз, на 1,7%.