Адменяць дадатковую справаздачнасць пра даходы грамадзян для бізнеса
З новага года суб’ектам гаспадарання не трэба будзе падаваць падатковым органам справаздачнасць аб даходах грамадзян, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 9 лістапада начальнік упраўлення падаткаабкладання даходаў і маёмасці фізічных асоб Міністэрства па падатках і зборах Андрэй Кавалеўскі.
Нагадаем, сёлета падчас падрыхтоўкі новай рэдакцыі Падатковага кодэкса была ўнесеная норма аб тым, што з 2019 года суб’екты гаспадарання павінны штоквартальна падаваць у МПЗ справаздачнасць аб даходах супрацоўнікаў. Меркавалася, што такая справаздачнасць патрэбная дзяржаве для выдзялення тым, хто мае патрэбу, безнаяўных жыллёвых субсідый.
Аднак бізнес-саюзы выступілі супраць дадатковай справаздачнасці і заявілі, што яе падаванне запатрабуе дадатковых выдаткаў. Зараз наймальнікі ўжо падаюць звесткі пра даходы грамадзян у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
Прадстаўнік МПЗ Андрэй Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі 9 лістапада паведаміў, што апошні варыянт праекта новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, які цяпер знаходзіцца ў парламенце, падрыхтаваны з улікам прапаноў бізнесу.
„Сапраўды, законапраект першапачаткова прадугледжваў, што наймальнікі павінны штоквартальна падаваць інфармацыю пра ўсе даходы, выплачаныя супрацоўнікам”, — растлумачыў Кавалеўскі, адказваючы на пытанні БелаПАН.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што падобную інфармацыю наймальнікі павінны штоквартальна падаваць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
„Ва ўрадзе паўстала ў сувязі з гэтым пытанне. На арганізацыі магла легчы дадатковая нагрузка ў сувязі з тым, што трэба было падаваць у прынцыпе аднатыпныя звесткі аб даходах грамадзян у розныя ведамствы. Зразумела, што гэта запатрабавала б дадатковых выдаткаў, бо суб’ектам гаспадарання прыйшлося б дапрацоўваць бухгалтарскае праграмнае забеспячэнне”, — растлумачыў Кавалеўскі.
У сувязі з гэтым, удакладніў ён, восенню было прынята рашэнне, згодна з якім у бліжэйшыя два гады дадатковыя звесткі аб даходах грамадзян па новым парадку збірацца не будуць.
„На 2019—2020 гады пастаўленая задача вызначыцца, які аб’ём звестак неабходны дзяржаве для вырашэння ўсіх пытанняў, звязаных з выплатамі пенсій, бальнічных, і распрацаваць механізм, які дазволіць суб’ектам гаспадарання аднакратна здаваць усе гэтыя звесткі ў адзін дзяржорган па адной форме”, — паведаміў Кавалеўскі.
Пры гэтым ён удакладніў, што безнаяўныя жыллёвыя субсідыі ў найбліжэйшыя гады будуць выдзяляцца насельніцтву на падставе звестак, якія наймальнікі перадаюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.
belapan.by