МПЗ: Падатковая нагрузка на эканоміку ў Беларусі складае 25% ВУП



Падатковая нагрузка на эканоміку ў Беларусі складае 25% у дачыненні да ВУП — такія дадзеныя прыводзяцца ў аналітычнай запісцы Міністэрства па падатках і зборах. Прадстаўнікі бізнес-супольнасці лічаць цяперашні ўзровень падатковай нагрузкі на эканоміку вельмі высокім.

„Паводле папярэдніх дадзеных, у 2017 годзе велічыня падатковай нагрузкі на эканоміку Рэспублікі Беларусь склала 25% да ВУП і ў параўнанні з 2016 годам знізілася на 0,1 працэнтнага пункта, што абумоўлена апераджальнай дынамікай ВУП у дачыненні да росту падатковых даходаў”, — адзначае МПЗ.

Паводле дадзеных міністэрства, удзельная вага падаткаў на тавары, работы і паслугі склала 12,41% да ВУП і практычна не змянілася ў параўнанні з 2016 годам. У той жа час удзельная вага падаткаў на даходы і прыбытак у 2017 годзе склала 7,15% да ВУП і вырасла на 0,3 працэнтнага пункта ў параўнанні з 2016-м.

У МПЗ тлумачаць, што гэта звязана з ростам паступленняў падатку на прыбытак, якія за мінулы год павялічыліся на 16%. „На такую дынаміку паўплывала паляпшэнне фінансавага стану шэрагу плацельшчыкаў і памяншэнне колькасці нерэнтабельных прадпрыемстваў”, — канстатуе міністэрства.

У 2017 годзе, паводле інфармацыі МПЗ, удзельная вага падатковых даходаў ад знешнеэканамічнай дзейнасці ў дачыненні да ВУП знізілася да 3,37% (супраць 3,61% у 2016 годзе). „Асноўная прычына такой дынамікі — скарачэнне больш чым на 14% вывазных мытных пошлін з прычыны заканадаўчага змяншэння стаўкі вывазной мытнай пошліны на калійныя ўгнаенні”, — тлумачыць падатковае ведамства.

Варта адзначыць, што, па ацэнцы беларускіх бізнес-саюзаў, цяперашні ўзровень падатковай нагрузкі на эканоміку з’яўляецца вельмі высокім. Паводле інфармацыі Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў (БСПН) імя Куняўскага, больш за палову дададзенага кошту прадпрыемстваў адбіраецца ў выглядзе падаткаў і збораў (у прыватнасці, што выплачваюцца ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і не ўлічваюцца МПЗ).

На думку дзелавой супольнасці, высокая падатковая нагрузка звязана ў тым ліку з тым, што прадпрыемствам даводзіцца несці вялікія выдаткі на падатковае адміністраванне. „Каб падаткі правільна і своечасова выплачваць, прадпрыемствам даводзіцца ўтрымліваць вялікі штат бухгалтараў і несці іншыя вялікія выдаткі ў сувязі з існуючым адміністраваннем падаткаў. Такія выдаткі ніхто ў дзяржорганах нават не лічыць, а іх трэба скарачаць у мэтах паляпшэння дзелавога асяроддзя і стымулявання эканамічнай актыўнасці”, — падкрэсліў у гутарцы з карэспандэнтам БелаПАН ганаровы старшыня БСПН імя Куняўскага Георгій Бадзей.

Бізнес-саюзы, МПЗ і іншыя дзяржорганы прымаюць удзел у распрацоўцы новай рэдакцыі Падатковага кодэкса, праект якой павінен быць унесены на разгляд прэзідэнта да 1 верасня. У чэрвені Міністэрства па падатках і зборах паведаміла, што новая рэдакцыя кодэкса будзе прадугледжваць пашырэнне сферы прымянення спрошчанай сістэмы падаткаабкладання.

belapan.by

Фота: journalby.com