„МТБанк” закрыў здзелку па набыцці кантрольнага пакета акцый „Ідэя Банка”



„МТБанк” набыў 99,999% акцый беларускага „Ідэя Банка”, выкупіўшы долі ў польскіх акцыянераў — Getin Holding S.A. і Getin International S.A. Кошт здзелкі склаў 50 млн беларускіх рублёў.

„Завяршэнне здзелкі па кансалідацыі банкаўскіх актываў з’яўляецца значнай падзеяй для банкаўскага сектара Беларусі”, — падкрэсліваецца ў паведамленні „МТБанка”.

2 красавіка пачнецца працэс далучэння „Ідэя Банка” да „МТБанка”.

„Плануецца, што далучэнне ЗАТ „Ідэя Банк” да ЗАТ „МТБанк” адбудзецца да канца 2021 года. Пасля заканчэння працэсу інтэграцыі аб’яднаны банк будзе працаваць пад агульным брэндам „МТБанка”, — паведамляе прэс-служба банка.

Там удакладнілі, што ўсе прадукты і паслугі „Ідэя Банка” ў пераходным перыядзе застануцца даступныя яго кліентам у поўным аб’ёме (захаваюцца ўсе ўмовы, магчымасць карыстацца бягучымі рахункамі, дэпазітамі, плацежнымі карткамі, мабільным і інтэрнэт-банкамі).

„Дзякуючы аб’яднанню вопыту, экспертызы і прадуктовай лінейкі двух банкаў мы зможам прапанаваць рынку яшчэ больш інавацыйных банкаўскіх прадуктаў і сэрвісаў. І тым самым спрыяць пераходу адносін банка з кліентам на новы ўзровень”, — пракаментаваў здзелку старшыня праўлення „МТБанка” Дзмітрый Шыдловіч.

Падобнае меркаванне выказала і кіраўнік „Ідэя Банка”.

„Аб’яднанне двух банкаў дасць магчымасць адкрыць новую старонку ў развіцці банкаўскага сектара. Упэўненыя, што вопыт і экспертыза такога моцнага гульца рынку, як „МТБанк”, адкрыюць новыя магчымасці для кліентаў ЗАТ „Ідэя Банк”, — заявіла старшыня праўлення „Ідэя Банка” Алена Папушава.

„МТБанк” заснаваны 14 сакавіка 1994 года, з’яўляецца ўніверсальным камерцыйным банкам са 100%-ным нацыянальным капіталам. Уваходзіць у спіс сістэмна значных крэдытных арганізацый Беларусі. Займае 10-е месца ў банкаўскай сістэме па аб’ёме актываў.

„Ідэя Банк” — камерцыйны банк, які працуе на беларускім рынку з 2004 года. Да 1 красавіка 2021 года ўваходзіў у польскі холдынг Getin Holding S.A. Банк развівае пераважна рознічны кірунак бізнесу, таксама аказвае фінансавыя паслугі кліентам сегмента мікра-, малога і сярэдняга бізнесу. Займае 17-е месца ў банкаўскай сістэме па аб’ёме актываў.

belapan.by