МТС патлумачыла прычыну паведамленняў аб буйной запазычанасці некаторых абанентаў
У кліентаў сотавага аператара „МТС” буйныя сумы не спісваліся, гаворка ідзе пра некарэктнае адлюстраванне інфармацыі пра баланс. Пра гэта заявілі БелаПАН у прэс-службе мабільнага аператара, каментуючы паведамленні некаторых абанентаў „МТС” аб спісанні ў іх буйных сум (да 5 тыс. рублёў) і блакаванні тэлефонаў.
„Мы разабраліся ў сітуацыі. У некаторых абанентаў інфармацыя пра баланс адлюстроўвалася некарэктна. Цяпер праблема вырашаная: інфармацыя аб балансах асабовых рахункаў абанентаў, якія сутыкнуліся з такой сітуацыяй, адлюстроўваецца правільна. Пры гэтым, звяртаем увагу, некарэктных спісанняў не адбылося. Выказваем абанентам свае прабачэнні”, — гаворыцца ў адказе прэс-службы кампаніі на запыт БелаПАН.
Тым не менш у кампаніі не ўдакладнілі, колькіх абанентаў гэта праблема закранула і як хутка яна была вырашана.
Беларуска-расійскае СТАА „Мабільныя ТэлеСістэмы” — найбуйнейшы па колькасці абанентаў аператар у Беларусі. Яго абаненцкая база перавышае 5,5 млн карыстальнікаў.