МТЗ будзе развіваць вытворчасць беспілотных трактароў



Пра гэта журналістам расказаў генеральны дырэктар ААТ „МТЗ” Віталь Воўк на палях міжнароднай прамысловай выставы ІННАПРАМ-2023 у Екацярынбурзе. Паводле гендырэктара, супрацоўніцтва Беларусі і Расеі ў сферы трактарабудавання вельмі шчыльнае.

“Адно працоўнае месца на трактарным заводзе – гэта сем працоўных месцаў у Расейскай Федэрацыі, – цытуе БЕЛТА гендырэктара МТЗ. – Гэта самы галоўны драйвер сёння. Мы маем шмат сумесных праектаў. Мы працуем вельмі цесна не толькі ў стварэнні трактароў, але і на стварэнне будучыні. Вельмі актыўна працуем з Казанскім федэральным універсітэтам па стварэнні айчынных беспілотных трактароў. Упэўнены, што хуткім часам мы зробім новыя праекты”.

На МАЗе не адчуваюць “катастрафічнага” ўплыву санкцый

“Расейскі рынак для Беларусі на сёння ключавы”, – заявіў БелТА намеснік гендырэктара МАЗу Уладзімір Янушка, адзначыўшы, што кампанія плануе паставіць у Расію тэхніку на 3,7 млрд расійскіх рублёў ($40,4 млн).

“Заходнія санкцыі не аказваюць “катастрафічнага” ўплыву на працу МАЗу, бо прадпрыемства адаптавала да сваіх патрэб цэлы шэраг новых камплектных частак, рэалізуючы праграму імпартазамяшчэння”, – запэўніў чыноўнік. Паводле яго, МАЗ у першым паўгоддзі выпусціў больш за 3,3 тысячы грузавікоў і павялічыў іх экспарт на 27% да аналагічнага леташняга перыяду.

Беларускай бульбы не хапае?

Расейскі рэгіён будзе пастаўляць у Беларусь сыравіну для вытворчасці бульбы фры. Як заявіў губернатар Наўгародскай вобласці Расеі Андрэй Нікіцін, беларускае прадпрыемства дапаможа ліквідаваць дэфіцыт бульбы фры, які назіраецца ў рэгіёне, аднак будзе працаваць у тым ліку і на расійскай сыравіне з-за недахопу ўласнай.

Кіраўнік Наўгародскай вобласці, які знаходзіўся з візітам у Беларусі, адзначыў, што з 2019 года тавараабарот паміж рэгіёнам і нашай краінай вырас на 200 працэнтаў, а па бягучых выніках ужо зразумела, што сёлета будуць палепшаны мінулагоднія паказчыкі. Развіваецца партнёрства ў сельскай гаспадарцы і машынабудаванні, а таксама ў выпуску электронікі. Новым напрамкам, паводле расійскага чыноўніка, павінны стаць пастаўкі ў Расею бульбы фры беларускай вытворчасці, прычым рабіць прадукт будуць у тым ліку і на расійскай сыравіне. Вырабляць бульбу фры будзе Талачынскі кансервавы завод.

(myfin.by)

Крызіс у тэхналагічных кампаній па ўсім свеце

Больш за 216 тысяч работнікаў тэхналагічнай сферы ў свеце пазбавіліся працоўных месцаў з пачатку 2023 года. Пры гэтым колькасць звольненых павялічылася больш як у 8 разоў з сярэдзіны студзеня, адзначае MarketWatch. Па дадзеных выдання, у гэтым годзе чакаецца значна больш скарачэнняў у IT-сектары, чым у мінулым, калі больш за адну тысячу кампаній звольнілі 154 тысячы супрацоўнікаў.

Пра масавыя звальненні сёлета абвяшчалі амерыканскія карпарацыі Amazon.com Inc., Electronic Arts, Zoom Video Communications, eBay, Dell Technologies, PayPal Holdings, International Business Machines, Intel Corp., Microsoft Corp., шведская Spotify Tec ды іншыя.

У сакавіку паведамлялася, што тэхналагічная сфера прыняла на сябе амаль трэць скарачэнняў з пачатку хвалі глабальных звальненняў. З 2022 года тэхналагічныя кампаніі масава скарачаюць персанал з-за запаволення росту выручкі на фоне выхаду большасці краін свету з кавідных лакдаўнаў.

(Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: auto.onliner.by