МВФ даў новыя рэкамендацыі ўладам Беларусі
Міжнародны валютны фонд раіць беларускім уладам прывесці стандарты бухуліку ў адпаведнасць з міжнароднымі. Дзейныя правілы вядзення бухуліку, на думку МВФ, могуць скажаць фінансавую справаздачнасць кампаній.
У сувязі з гэтым фонд рэкамендуе ўнесці папраўкі ў закон „Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці” і прывесці яго ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі фінансавай справаздачнасці (МСФС).
Паводле інфармацыі БелаПАН, МВФ, у прыватнасці, рэкамендуе ўжо ў 2017 годзе стварыць у Беларусі незалежны орган, які будзе ўпаўнаважаны займацца ўкараненнем у краіне стандартаў бухуліку згодна з МСФС.
МВФ таксама прапаноўвае распаўсюдзіць на ўсе дзяржпрадпрыемствы абавязак падрыхтоўкі фінансавай справаздачнасці паводле міжнародных стандартаў.
Згаданыя рэкамендацыі абумоўленыя тым, што дзейныя правілы вядзення бухгалтарскага ўліку ў Беларусі могуць, на думку МВФ, скажаць фінансавую справаздачнасць кампаній. Напрыклад, лічаць эксперты фонду, беларуская практыка спынення налічэння амартызацыі, а таксама пераацэнка асноўных фондаў з прымяненнем штучна ўстаноўленых каэфіцыентаў можа прыводзіць да таго, што фінансавая справаздачнасць не адлюстроўвае рэальнае становішча спраў у кампаніях.
Нагадаем, урад і Нацыянальны банк прынялі 19 жніўня сумесную пастанову, згодна з якой з 1 студзеня 2017 года ў Беларусі ўводзяцца міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці ў якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Аднак, як тлумачаць прадстаўнікі рынку аўдытарскіх паслуг, афіцыйнае ўвядзенне ў Беларусі МСФС з 2017 года пакуль не азначае, што нацыянальныя стандарты бухгалтарскага ўліку перастаюць дзейнічаць.
„Уведзеныя ў якасці тэхнічных нарматыўных актаў міжнародныя стандарты не замяняюць сабой заканадаўства аб бухгалтарскім уліку. Паколькі такое заканадаўства не адмяняецца, то ўсе суб’екты, якія трапляюць пад дзеянне закона „Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці”, абавязаныя працягваць весці бухгалтэрыю згодна з нацыянальнымі стандартамі”, — гаворыцца у каментарыі кампаніі „Бэйкер Цілі Бел” да прынятага ўрадавага рашэння.
У той жа час, адзначаюць эксперты, у Беларусі паводле дзейнага заканадаўства грамадска значныя арганізацыі, а таксама банкі павінны рыхтаваць справаздачнасць у адпаведнасці з МСФС.
„Менавіта для гэтых суб’ектаў будуць абавязковыя для прымянення МСФС, што ўводзяцца з 2017 года, у якасці тэхнічных нарматыўна-прававых актаў. Астатнім арганізацыям неабходна будзе кіравацца імі толькі ў выпадку, калі ў іх узнікне з-за нейкіх прычын неабходнасць у складанні справаздачнасці паводле МСФС”, — тлумачаць спецыялісты аўдытарскай кампаніі.