МВФ: Дзярждоўг Беларусі з-за падатковага манеўру ў Расеі можа вырасці да 70% ВУП
У выпадку калі Масква адмовіцца кампенсаваць Менску негатыўныя наступствы падатковага манеўру, дзярждоўг у Беларусі ў найбліжэйшыя гады можа істотна вырасці, прагназуе Міжнародны валютны фонд. Нагадаем, Беларусь і Расея цяпер вядуць перамовы аб кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру. Беларускія ўлады заяўляюць, што страты краіны з-за расейскага падатковага манеўру ў нафтавай галіне могуць скласці ў 2019—2023 гады 10,5 млрд долараў і настойваюць на кампенсацыі гэтых страт. У той жа час расейскае кіраўніцтва заяўляе, што Масква ніколі не абяцала Менску кампенсаваць гэтыя страты.
Паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду, калі Расія не кампэнсуе Беларусі негатыўныя наступствы падатковага манеўру ў нафтавай галіне, дзярждоўг рэспублікі ў сярэднетэрміновай перспектыве вырасце да 70% ВУП.
„У выпадку адсутнасці кампенсацыі наступствы для Беларусі будуць значнымі”, — прагназуюць эканамісты Міжнароднага валютнага фонду.
У матэрыялах МВФ прыводзіцца прагноз, згодна з якім у выпадку адсутнасці знешніх шокаў дэфіцыт рахунку бягучых аперацый плацежнага балансу Беларусі ў 2019—2023 гадах мог бы складаць каля 2% да ВУП. Калі ж Расея не кампенсуе Беларусі негатыўныя наступствы падатковага манеўру, дэфіцыт бягучага рахунку да 2023 годзе можа вырасці да 5,5% ВУП.
„Фінансаванне гэтых больш высокіх знешніх дэфіцытаў пры захаванні золатавалютных рэзерваў запатрабуе каля 6,5 млрд долараў у якасці дадатковага (і пакуль невядомага) фінансавання”, — падкрэсліваюць эканамісты МВФ.
З улікам неабходнасці пошуку такога фінансавання МВФ мяркуе, што дзярждоўг Беларусі можа вырасці да 70% ВУП да 2023 года (і будзе працягваць павялічвацца ў далейшым). Калі кампенсацыя за падатковы манеўр паступіць, узровень дзярждоўгу Беларусі ўдасца ў 2019—2023 гады ўтрымаць на ўзроўні 55-56% ВУП, мяркуюць эканамісты МВФ.
Метадалогія МВФ, згодна з якой вызначаецца ўзровень дзярждоўгу Беларусі, адрозніваецца ад той, якую выкарыстоўваюць беларускія ўлады. Паводле апошніх апублікаваных звестак Мінфіна, на 1 снежня 2018 года дзяржаўны доўг Беларусі складаў 36% да ВУП. У той жа час МВФ лічыць, што з улікам ўскосных абавязацельстваў дзяржавы (якія ўзніклі ў сувязі з даваннем ўрадавых гарантый) дзярждоўг Беларусі ўжо знаходзіцца ў раёне 55% ВУП.