МВФ і Украіна дамовіліся аб новай дапамозе на 5,5 млрд даляраў
Украіна і Міжнародны валютны фонд (МВФ) дамовіліся аб новай праграме супрацоўніцтва.
Дамоўленасць дасягнута па выніках тэлефоннай размовы, якая адбылася ў мінулую суботу 7 снежня паміж прэзідэнтам краіны Уладзімірам Зяленскім і кіраўніком МВФ Крысталінай Георгіевай. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны, інфармацыю пацвярджае прэс-служба МВФ.
„Я запэўніла прэзідэнта ў гатоўнасці МВФ падтрымаць палітычную праграму ўладаў па падтрыманні макраэканамічнай стабільнасці і падняць эканоміку на шлях больш высокага, устойлівага і ўсёабдымнага росту, у тым ліку з дапамогай новай праграмы, якая падтрымліваецца МВФ”, – прыводзяцца ў паведамленні МВФ словы Георгіевай.
„Супрацоўнікі МВФ дасягнулі пагаднення з уладамі адносна палітыкі, якая ляжыць у аснове новага трохгадовага пагаднення на суму 4 млрд спецыяльных правоў запазычання (каля 5,5 млрд даляраў) у рамках механізму пашыранага фінансавання”, – дадала яна.
Кіеў разлічваў да канца года заключыць пагадненне аб новым пакеце дапамогі ад МВФ. Для атрымання дапамогі Міжнародны валютны фонд вылучаў Кіеву шэраг умоў. Сярод іх – актыўныя крокі па барацьбе з карупцыяй у краіне і адмена мараторыя на продаж сельскагаспадарчых зямель.