МВФ можа палепшыць прагноз па росту эканомікі Беларусі



Як паведаміў журналістам на Кастрычніцкім эканамічным форуме дарадца выканаўчага дырэктара Міжнароднага валютнага фонда Аляксандр Забароўскі, новыя звесткі ад беларускага ўрада і новая якасць дыялогу з сённяшняй місіяй МВФ і меркаваных кансультацый па Артыкуле IV статута фонда дазваляюць спадзявацца на паляпшэнне прагнозу.

– Цяпер, дзякуючы дыялогу Беларусі і фонда, у фонда з’явілася нашмат больш інфармацыі для таго, каб гэты прагноз абнавіць. Гэта вельмі добры знак. Тыя інтэнсіўныя дыскусіі, якія вядуцца, дазволяць атрымаць місіі фонда тую неабходную інфармацыю, якая дазволіць па выніках агляду па чацвёртым артыкуле гэты прагноз пераглядзець. І ў мяне экспертна ёсць такое адчуванне, што, сапраўды, гэты прагноз будзе перагледжаны.

Місія МВФ па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі працуе з 29 кастрычніка па 5 лістапада. На пачатку 2020 года чакаецца місія МВФ па Артыкуле IV статута фонда. У адпаведнасці з гэтым артыкулам з дзяржавамі-сяброўкамі фонда праводзяцца штогадовыя двухбаковыя кансультацыі. Па вяртанні місіі штаб-кватэра МВФ выпускае заключны даклад. Раней Міжнародны валютны фонд прагназаваў рост эканомікі Беларусі ў 2020 годзе на 0,3%.

Сяргей Залескі, Беларускае Радыё Рацыя